Беларусь вылучаецца высокім узроўнем жаночай занятасці. Як расказала намеснік старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Наталля ТАРАСЮК, у цэлым яна складае 65 %, а ў працаздольным узросце — 86 %, пры гэтым у мужчын гэты паказчык на 1,5 % ніжэйшы.
— Калі казаць аб сусветных тэндэнцыях, то той факт, што ў нашай краіне ўзровень жаночай занятасці вышэйшы, чым у мужчын — унікальны выпадак. У структуры занятасці жанчыны і мужчыны прадстаўлены практычна ў роўнай ступені, аднак, як і ўвогуле па колькасці насельніцтва, ёсць гендарны дысбаланс. Сярод занятай моладзі да 30 гадоў на 100 мужчын прыпадае 91 жанчына. А вось ужо ва ўзроставай катэгорыі 45–54 гады сітуацыя мяняецца: на 100 занятых мужчын прыпадае 115 жанчын, — пракаменціравала Наталля Тарасюк.
Пры гэтым жанчыны ў нашай краіне больш адукаваныя: 42 % працуючых жанчын маюць вышэйшую адукацыю, у той час як сярод мужчын гэта лічба складае толькі 30 %. Традыцыйна, жанчыны пераважна занятыя ў сферы паслуг, акрамя таго, самымі жаночымі сферамі дзейнасці з’яўляюцца ахова здароўя і адукацыя — жанчын тут больш за 80 %. Нямала жанчын у такіх сферах, як паслугі па часовым пражыванні і харчаванні, фінансавай і страхавой дзейнасці, прафесійнай, навуковай, тэхнічнай дзейнасці і гандлі.
Алена КРАВЕЦ