Гэта індустрыя адыгрывае адну з ключавых роляў у прамысловым развіцці краіны, паколькі з’яўляецца асновай для машынабудавання, якое ў сваю чаргу па праве лічыцца рухальнай сілай эканомікі Беларусі, адыгрывае важную ролю ў сацыяльна-эканамічным і інтэлектуальным развіцці. Металургія ўключае шырокі спектр прадукцыі, у тым ліку сталь, чыгун, спецыялізаваныя сплавы і іншыя матэрыялы. Сёння гэты кірунак у нашай краіне дэманструе ўстойлівае развіццё. Буйная металургія прадстаўлена такімі прадпрыемствамі, як Беларускі металургічны завод, Магілёўскі металургічны завод і Мёрскі металапракатны завод. Нароўні з буйнымі прадпрыемствамі, у краіне развіваецца малая і парашковая металургія, а таксама вытворчасць пакрыццяў і іншых відаў металапрадукцыі.
Плугі з інавацыйным пакрыццём
Дырэктар Інстытута тэхналогіі металаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Анатоль ЖЫГАЛАЎ расказаў пра развіццё методык у металургіі, адзначыўшы, што існуюць як традыцыйныя кірункі, якія паспяхова развіваюцца, так і новыя.
Інстытут тэхналогіі металаў у прыватнасці вырабляе і пастаўляе навукова-тэхнічную прадукцыю. За кошт таго што выкарыстоўваецца айчынная сыравіна, прадукт атрымліваецца як мінімум на 80 % таннейшы. Гаворачы пра новыя кірункі для краіны, што дыктуюцца рынкам, вучоны вылучыў парашковую металургію: «Цяпер наш інстытут мае вялікую дынаміку ў ёй. Я быў на розных выстаўках у Маскве, на „Інапраме“ ў Екацярынбургу — там бум у гэтым кірунку, — дадаў ён. — У прадуктаў на парашковых тэхналогіях цвёрдасць, зносаўстойлівасць, прадукцыйнасць у некалькі разоў вышэйшая, а таксама яны якасныя. Мы стварылі на аснове дадзеных тэхналогій вытворчасць цвердасплаўных матэрыялаў, а не толькі распрацавалі іх. Айчынны рынак спажывае гэтай прадукцыі на 30 мільёнаў долараў у год, а да гэтага яе завозілі».
- Як адзначыў намеснік генеральнага дырэктара Дзяржаўнага навукова-вытворчага аб’яднання парашковай металургіі прафесар Яўген ПЯЦЮШЫК, парашковая галіна адносна маладая. «Яна займае менш за 0,1 % па аб’ёмах вытворчасці ад усёй сусветнай металургіі. Аднак дазваляе атрымліваць такія вырабы, якія іншымі спосабамі атрымаць немагчыма. Можна камбінаваць металы і кераміку, напрыклад, і ў выніку мець выраб з унікальнымі ўласцівасцямі. У свеце налічваецца каля чатырох тысяч прадпрыемстваў і арганізацый, якія займаюцца непасрэдна парашковай металургіяй».
Самыя буйныя навуковыя даследаванні і аб’ёмы вытворчасці сканцэнтраваны ў Дзяржаўным прамысловым аб’яднанні парашковай металургіі. Кірункі яго дзейнасці ўключаюць закрыццё патрэбаў машынабудаўнічага комплексу Беларусі, а таксама аховы здароўя, будаўніцтва. Напрыклад, тут вырабляюць імплантаты пазванкоў.
Можна з упэўненасцю казаць і пра адытыўныя тэхналогіі парашковай металургіі, калі вырабы кансалідуюцца з невялікіх фрагментаў матэрыялу, а ў выніку атрымліваецца амаль безадходная вытворчасць з унікальнымі магчымасцямі па атрыманні зададзенай канфігурацыі, з тымі ўласцівасцямі, якія можна запланаваць загадзя. У Беларусі ў гэтым кірунку актыўна працуюць.
Акрамя вышэйпералічаных дзякуючы металургіі ўдасканальваецца таксама сельскагаспадарчая галіна. На плугі наносіцца парашок, які павышае зносаўстойлівасць у 3-5 разоў. Рынак дыктуе попыт на інавацыйныя праекты, і ў нас яны актыўна развіваюцца.
Моц для БелАЗаў, лёгкасць для беспілотнікаў
Немалаважным аспектам развіцця металургіі ў цэлым назвалі дапамогу ўрада, прычым як фінансавую, так і маральную. За год-два гэта дазволіць зрабіць прарыўныя тэхналогіі. І будучыняіндустрыі бачыцца светлай, паколькі яна бесперапынна рухаецца наперад.
Напярэдадні Дня металурга (ён будзе адзначацца ў гэту нядзелю) начальнік упраўлення аэракасмічнай дзейнасці апарату Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Пётр ВІЦЯЗЬ падкрэсліў, што металургія — гэта аснова развіцця машынабудавання, будаўніцтва, дарожнай інфраструктуры і нават касмічных тэхналогій.
Паводле яго слоў, ва ўсіх кірунках развіцця металургічнай галіны стаіць задача па змяншэнні энергаёмістасці, выкіду адходаў, павышэнні прадукцыйнасці, якасці і канкурэнтаздольнасці. Асаблівую ўвагу вучоны надаў навуковым распрацоўкам у гэтай сферы. Напрыклад, Акадэміяй навук распрацаваны новыя нізкалегіраваныя высокатрывалыя маркі сталі, якія дазваляюць па-іншаму весці тэхналагічныя працэсы. Гэта тэхналогія развіваецца ў супрацоўніцтве з БелАЗам, дзякуючы чаму ўдалося ў разы павысіць трываласць крытычна важных дэталяў славутых самазвалаў дадзенага прадпрыемства.
З дапамогай новых распрацовак вырашаюцца пытанні і ў ліцейнай вытворчасці. Што датычыцца стальнога ліцця, то сёння ў Беларусі каля 60 яго ўчасткаў. За 20 гадоў іх загрузка вырасла прыкладна з 40 % да 75 %. Вядома, ёсць такія, якія загружаныя пад 100 %.
Разам з тым, паводле слоў вучонага, важна распрацоўваць тэхналогіі і матэрыялы для экстрэмальных умоў работы, у прыватнасці для аэракасмічнай галіны, беспілотнікаў, самалётабудавання. У гэтым кірунку беларускія вучоныя цесна супрацоўнічаюць з расійскімі.
Пётр Віцязь расказаў і аб падрыхтоўцы кадраў для металургічнай галіны ў вядучых тэхнічных ВНУ краіны: «Падрыхтоўка спецыялістаў вядзецца ў БНТУ, Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце і іншых ВНУ. Ствараюцца і галіновыя лабараторыі сумесна з Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях на прадпрыемствах, якія вырашаюць розныя задачы».
Гаворачы аб міжнародным супрацоўніцтве, начальнік упраўлення аэракасмічнай дзейнасці апарату НАН асабліва падкрэсліў важнасць узаемадзеяння з Расіяй, адзначыўшы ёмістасць і перспектыўнасць гэтага рынку.