Top.Mail.Ru

Беларускія вучні маюць магчымасць атрымаць працоўную спецыяльнасць у рамках адукацыйнага працэсу

Практыка + інавацыі = запатрабаваная прафесія

За два гады навучання ў старэйшых класах школьнікі асвойваюць прафесію і атрымліваюць дакумент дзяржаўнага ўзору. Уласны карэспандэнт газеты «Звязда» адправілася ў Гродзенскі дзяржаўны электратэхнічны каледж імя Івана Шчаснага, каб даведацца, як моладзь атрымлівае сваю першую прафесію.

З 2018 года каледж удзельнічае ў рэалізацыі адукацыйнай праграмы прафесійнай падрыхтоўкі працоўных (служачых) у рамках навучальнага прадмета «Працоўнае навучанне». Гэты год быў эксперыментальным, і каледж стаў адным з удзельнікаў. Праграма рэалізоўвалася ў рамках рэспубліканскага інавацыйнага праекта і ўключала навучанне па чатырох прафесіях: «Слесар па рамонце аўтамабіляў» 1-га разраду, «Электраманцёр па эксплуатацыі электралічыльнікаў» 3-га разраду, «Справавод» і «Сацыяльны работнік». Асноўнай мэтай было забеспячэнне навучэнцаў якаснай адукацыяй і падрыхтоўка іх да работы па выбранай спецыяльнасці. Праект выдатна сябе паказаў, і з наступнага года практыка стала масавай.

З 2023-га ў электратэхнічным каледжы навучанне праводзіцца па двух кірунках: «Слесар па рамонце аўтамабіляў» з прысваеннем 1-га разраду і «Электраманцёр па эксплуатацыі электралічыльнікаў» з прысваеннем 3-га разраду. Гэтыя прафесіі запатрабаваны на рынку працы і даюць выпускнікам шырокія магчымасці для працаўладкавання. Як адзначыла намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Ларыса Губіч, у сучасным свеце, дзе рынак працы пастаянна мяняецца, атрыманне рабочай прафесіі становіцца ўсё больш актуальным.

— Вельмі запатрабавана навучанне па спецыяльнасці «Слесар па рамонце аўтамабіляў». Гэта праграма, распрацаваная ў асноўным двума нашымі педагогамі, атрымала прызнанне і ўкаранёна па ўсёй краіне. Школьнікі, якія па ёй навучаюцца, атрымліваюць не толькі тэарэтычныя веды, але і практычныя навыкі, якія змогуць прымяніць у будучыні.

Практыка-арыентаваная адукацыя

Адмысловая ўвага ў каледжы надаецца арганізацыі практычных заняткаў. За два гады навучання школьнікі асвойваюць 420 гадзін праграмы, з якіх 300 складаюць вытворчае і практычнае навучанне, а 120 — тэарэтычнае. Гэта дазваляе атрымаць глыбокія веды і навыкі.

Дзякуючы наяўнасці сучаснага Цэнтра кампетэнцый у сферы энергетыкі і аўтасэрвіса, каледж можа арганізоўваць практычныя заняткі без выхаду на вытворчасць. Гэта дазваляе школьнікам атрымаць рэальны досвед працы і падрыхтавацца да прафесійнай дзейнасці. Для гэтага ёсць усё неабходнае абсталяванне, напрыклад, у кабінетах апроч парт стаяць не толькі часткі аўтамабіляў, але і цэлыя машыны.

Важна адзначыць, што ў каледжы створана спрыяльная абстаноўка для навучання. Майстры актыўна вучаць дзяцей новаму, і гэта прыносіць свой плён. Як адзначыў майстар вытворчага навучання Андрэй Анісеня, у рабоце са школьнікамі ёсць свая спецыфіка, але яны паспяхова асвойваюць прафесію.

— Дысцыпліна ўключае рамонт і абслугоўванне аўтамабіляў з практычным этапам, дзе хлопцы самастойна выконваюць работы. Мы падтрымліваем кожнага! Тэарэтычнае навучанне ахоплівае ўсе аспекты прылады і абслугоўвання аўтамабіля, а вытворчая практыка працягваецца ў 11 класе. Як і класны кіраўнік у школе, я сачу за наведвальнасцю заняткаў у каледжы, адзначаю поспехі і дапамагаю вырашаць праблемы, трымаю сувязь са школай. Два гады я курырую групу, дапамагаючы ім развівацца, — расказаў Андрэй Анісеня.

Частка калектыву

Каледж імкнецца стварыць умовы, якія садзейнічаюць фарміраванню станоўчых адносін да прафесійнай адукацыі, зрабіць школьнікаў часткай калектыву. Навучэнцы актыўна ўдзельнічаюць у агульнакаледжных мерапрыемствах, такіх як канферэнцыя «Крок у навуку» і Тыднях прафесій, прысвечаных Дню аўтамабіліста і Дню энергетыка.

Сёлета старшакласнікі ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы кампазіцый для гарадскога конкурсу дызайнерскіх ёлак «Найлепшы навагодні арт-аб’ект 2026». Гэта не толькі матывуе іх да навучання, але і садзейнічае развіццю творчых здольнасцяў.

З хлопцамі-старшакласнікамі ўдалося пагаварыць зусім нядоўга — яны зацікаўлена рабілі нешта пад адкрытым капотам аўтамабіля. На маё пытанне, ці звязваюць яны сваю будучыню менавіта з прафесіяй, якую набываюць у каледжы, хтосьці адказаў станоўча, хтосьці задумаўся. А калі спыталася, ці спатрэбяцца атрыманыя навыкі ў жыцці, дружна адказалі: «Так, безумоўна!»

Каледж працягвае работу па ўдасканаленні адукацыйных праграм і стварэнні ўмоў для паспяховай прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў. Гэта важны крок на шляху да падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў, здольных зрабіць унёсак у развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы нашай краіны.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю