На веладроме «Мінск-Арэны» завяршыўся міжнародны турнір па веласпорце на трэку «Кубак наймацнейшых спартсменаў», паведамляе БелТА.
Удзел у спаборніцтвах прынялі каля 150 гоншчыкаў з Беларусі і Расіі. У заключны дзень турніру, 19 кастрычніка, адбыліся чатыры фіналы. У жаночым мэдысан — парнай гонцы на цягавітасць — перамогу атрымалі беларускі Ганна Церах і Паліна Конрад, другое і трэцяе месцы занялі прадстаўніцы Расіі. У гэтым жа відзе праграмы ў хлопцаў золата і срэбра заваявалі расійскія дуэты, бронзу ўзялі нашы Дзяніс Мазур і Сяргей Шаўчэнка.
У кейрыне ў дзяўчат поспех святкавала беларуска Варвара Басякова, другі вынік паказала яе суайчынніца Ангеліна Шастак. Пераможцам у мужчынскім спрынце стаў расіянін Даніла Бурлакоў, які ў фінале аказаўся хутчэйшым за нашага Арцёма Зайцава. Увогуле за пяць дзён Кубка наймацнейшых спартсменаў па веласпорце на трэку гаспадары выйгралі 39 медалёў: 15 залатых, 12 сярэбраных і 12 бронзавых.