У сталіцы Славеніі, Любляне, стартаваў чэмпіянат Еўропы па настольным тэнісе 2026 года з удзелам беларускіх спартсменаў.
Нашу краіну прадстаўляюць чатыры спартсмены ва ўсіх пяці дысцыплінах. У стартавы дзень кантынентальнага форуму пачаліся спаборніцтвы ў змешаным разрадзе. У першым папярэднім раўндзе нашы Нікан Шутаў і Лізавета Цімашкова абгулялі дацка-эстонскую пару, але ў другім крузе саступілі прадстаўнікам Ізраіля. Георгій Кунац і Ульяна Мяшчанская завяршылі барацьбу ў міксце пасля паражэння ад тэнісістаў з Венгрыі.
У адзіночным разрадзе напрамую ў асноўную сетку кваліфікаваліся 32 лідары еўрапейскага рэйтынга, іншыя ўдзельнікі вызначацца па выніках групавога этапу. Для праходу далей неабходна заняць першае месца ў сваім пуле. У хлопцаў Шутаў пачаў выступленні з перамогі, Кунац — з паражэння. У дзяўчат Цімашкова выйграла стартавы матч, Мяшчанская — прайграла. Астатнія гульні ў групах прайшлі ўчора і сёння.
У панядзелак беларусы таксама паспрачаліся за пападанне ў асноўную сетку ў мужчынскім і жаночым парных разрадах. Усяго ўдзел у чэмпіянаце Еўропы па настольным тэнісе ў Славеніі бяруць больш за 250 спартсменаў з 45 краін. Турнір працягнецца па 18 кастрычніка.