Top.Mail.Ru

Беларускія штангісты выйгралі дзевяць медалёў на чэмпіянаце Еўропы ў Батумі

Чэмпіянат Еўропы па цяжкай атлетыцы прайшоў у грузінскім Батумі. Беларусы заваявалі на ім дзевяць медалёў.

У актыве нашай каманды два залатыя, чатыры сярэбраныя і тры бронзавыя медалі. Чатыры медалі (1-1-2) былі здабыты ў дваябор’і, асобныя практыкаванні прынеслі пяць малых узнагарод (1-3-1). Чэмпіёнкай Еўропы ў вазе да 69 кг стала Сюзанна Валадзько, якая таксама была найлепшай у штуршку і другой у рыўку. Два сярэбраныя медалі ў катэгорыі да 63 кг узяла Аліна Шчапанава (дваябор’е, штуршок), дзве бронзы ў гэтай жа вазе заваявала Дзіяна Майсяевіч. Ягор Папоў (да 71 кг) стаў другім у штуршку і трэцім па суме.

Усяго кантынентальны форум сабраў у Грузіі больш за 350 штангістаў з 52 краін, беларускую каманду прадставілі дзесяць атлетаў. Год таму на Чэмпіянаце Еўропы ў Малдове нашы спартсмены выйгралі 7 узнагарод (3-1-3).

Беларускі выйгралі дзевяць узнагарод першага этапу Кубка мацнейшых па мастацкай гімнастыцы

У Казані завяршыўся першы этап Кубка мацнейшых па мастацкай гімнастыцы, на якім беларускія грацыі заваявалі дзевяць медалёў, паведамілі ў Беларускай асацыяцыі гімнастыкі.

Прызёрамі міжнароднага турніру сталі Ніколь Лявута (сеньёркі) і Вера Канапацкая (юніёркі). Лявута заваявала сярэбраную ўзнагароду ў практыкаванні з абручом, а таксама заняла трэцяе месца ў фіналах з мячом і булавамі. Раней Ніколь стала бронзавым прызёрам у мнагабор’і. Канапацкая да трэцяй пазіцыі ў самым прэстыжным відзе праграмы дабавіла чатыры бронзавыя ўзнагароды ў асобных практыкаваннях.

Жодзінскія тарпедаўцы адыграліся з ліку 0:3 у гульні з «Арсеналам» у футбольным чэмпіянаце Беларусі

Футбалісты дзяржынскага «Арсенала» не ўтрымалі перамогу над жодзінскім «Тарпеда-БелАЗам» у гасцявым паядынку пятага тура чэмпіянату Беларусі.

У першым тайме сустрэчы ў Жодзіне галявы дубль аформіў Марк Мокін, а пасля перапынку Іван Вараб’ёў забіў трэці мяч. Гаспадары змаглі пазбегнуць паражэння дзякуючы галам Вадзіма Кісялёва, Мацвея Міхайрына і Грэйта Агбо — нічыя 3:3. Увесь другі тайм «Арсенал» правёў у меншасці.


Футбалісты «Гомеля» выйгралі трэці матч запар, перамогшы ў Бабруйску мясцовую «Белшыну» з лікам 2:0. Адзін з галоў забіў найлепшы бамбардзір цяперашняга першынства Цімафей Сіманенка, у актыве якога стала 5 мячоў. 

«Іслач» з Мінскага раёна пасля трох паядынкаў без перамог адолела на сваім полі магілёўскі «Днепр» — 2:1.

На першае месца выйшлі футбалісты мінскага «Дынама», якія атрымалі валявую вікторыю ў гасцях у «Баранавіч». 

Пасля пяці тураў становішча ў лідзіруючай групе такое: «Дынама» (Мінск) — 13 ачкоў, «Нёман» — 11, «МЛ Віцебск» — 11, «Гомель» — 10, «Арсенал» — 9.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю