Top.Mail.Ru

Беларускія санаторыі застаюцца прывабныя для адпачывальнікаў увосень і зімой

Летнюю аздараўленчую кампанію санаторыі Беларусі адпрацавалі з максімальнай загрузкай. У чэрвені—жніўні ў іх прайшлі аздараўленне і лячэнне больш як 600 тысяч чалавек. Пры гэтым дастаткова ахвотных адпачыць і ў асенне-зімовы перыяд. На кастрычнік у здраўніцах ужо практычна няма свабодных месцаў — забраніравана больш за 94 %, на лістапад занята 77 %, на снежань — 46 %, на студзень — больш за 44 %. Традыцыйна шмат прыхільнікаў сустрэць у санаторыі Новы год — на галоўныя зімовыя святы ўжо забраніравана 83 % месцаў.


Па выніках дзевяці месяцаў, паводле слоў дырэктара Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзя БАЛБАТОЎСКАГА, санаторна-курортны комплекс спрацаваў са станоўчай дынамікай. Запаўняльнасць павялічылася на адзін працэнтны пункт у параўнанні з дзевяццю месяцамі мінулага года і склала 86,5 %. Выручка ад свабоднай рэалізацыі паслуг вырасла на 18 % — да 930 мільёнаў рублёў. Адзначалася і станоўчая дынаміка па экспарце паслуг: рост па выручцы склаў 22 %, сума сродкаў ад экспарту санаторна-аздараўленчых паслуг — 390 мільёнаў.

Суткі ў стандартным двухмесным нумары санаторыя па выніках 9 месяцаў абыходзіліся ў сярэднім у 139 рублёў. Мяркуецца, што ў чацвёртым квартале цана знізіцца на 8 % — да 134 рублёў. На навагоднія святы, вядома, яна будзе большая.

Што датычыцца аздараўлення дзяцей, то летам яго прайшлі 395 тысяч юных беларусаў, што на 6 тысяч больш за запланаванае. Як адзначыў Генадзь Балбатоўскі, дзіцячая аздараўленчая кампанія прайшла ў штатным і планавым рэжыме. На правядзенне летняй аздараўленчай кампаніі рэспубліканскаму цэнтру было выдзелена больш як 70 мільёнаў рублёў. Прыярытэтным было аздараўленне дзяцей-інвалідаў і дзяцей-сірот. Планавыя лічбы па аздараўленні гэтых катэгорый дзяцей былі перавышаны: дзяцей-інвалідаў накіравана ў санаторыі і цэнтры на 24 % больш, дзяцей-сірот — на 34 %.

Істотныя сумы сёлета былі выдзелены з розных крыніц на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы — на 22 % больш за леташні паказчык. Усяго ў рамонт і аднаўленне стацыянарных лагераў было ўкладзена 38,5 мільёна рублёў.

У перыяд восеньскіх канікул, з 3 да 9 лістапада, будуць працаваць дзіцячыя лагеры пераважна з дзённым знаходжаннем. Плануецца, што ў іх аздараўленне пройдуць больш як 70 тысяч дзяцей.

— Прыярытэтным у дзейнасці рэспубліканскага цэнтра застаецца аздараўленне дзяцей, якое праходзіць не толькі ў летні перыяд, а круглы год, у прыватнасці, у дзіцячых санаторыях, дзіцячых рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтрах, дзе забяспечаны паўнацэнны вучэбны працэс. Мы плануем, што каля 700 тысяч дзяцей на працягу года пройдуць аздараўленне, — адзначыў Генадзь Балбатоўскі. 

Алена КРАВЕЦ

Чытайце таксама: Якім чакаецца новы аздараўленчы сезон у беларускіх здраўніцах?

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю