Top.Mail.Ru

Беларускія санаторна-курортныя і аздараўленчыя арганізацыі задавальняюць унутраны попыт

Ёсць шмат розных аптычных падманаў. Адны абумоўлены рознымі фізічнымі з’явамі, іншыя нараджаюцца за кошт памылак нашага мозгу пры апрацоўцы візуальнай інфармацыі. У ацэнцы эканамічных працэсаў таксама часам узнікаюць кагнітыўныя ілюзіі. Адчуванні — важны фактар у жыцці чалавека. Але эканоміка — навука дакладная. І многія з’явы ў ёй алічбаваныя.


Скажам, знешне здаецца, што нашы санаторыі і курорты перапоўнены замежнымі адпачывальнікамі, якія рушылі ў краіну настолькі шчыльна, што для сваіх грамадзян месца не застаецца. Сапраўды, экспарт такіх паслуг у апошняй пяцігодцы вырас. І значна. Але нельга сказаць, што шчыльнасць гасцей у нашых санаторна-курортных арганізацыях празмерная настолькі, што мясцовым жыхарам зусім не прарвацца да заслужанага адпачынку.

Ёсць у статыстыцы цікавы тэрмін — спецыяльныя сродкі размяшчэння. Нягледзячы на грознае і насцярожвальнае азначэнне, да іх адносяцца аб’екты арганізацый, якія аказваюць санаторна-курортныя і аздараўленчыя паслугі. Летась імі скарысталася больш за 1,1 мільёна грамадзян, прычым большасць з іх — беларусы. Доля замежных гасцей склала толькі каля 22 %. Сярэдняя загрузка гэтых аб’ектаў, калі верыць паведамленням Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні, загрузка нашых здраўніц у сярэднім складае 80–85 %. І знаходзіцца ў гэтым дыяпазоне апошнія некалькі гадоў. Зразумела, у цёплы сезон усе месцы занятыя, што таксама з’яўляецца нармальным і традыцыйным ужо доўгія гады. Зніжэнне наведвальнасці і беларусамі, і замежнікамі назіралася толькі ў самы жорсткі ковідны 2020 год. У цэлым, паводле даных кіраўніцтва профільнага рэспубліканскага цэнтра, беларускія здраўніцы могуць за год забяспечыць адпачынак 1,5 мільёна чалавек. Гэта значыць, пэўны рэзерв магутнасцяў ёсць. Іншае пытанне, што свабодныя месцы ёсць у нізкі сезон. Але такая ўжо спецыфіка турыстычнага рынку.

Празмерная прысутнасць замежных адпачывальнікаў — пэўная ілюзія. І ўзнікла яна, перш за ўсё, у сілу значнага падзення турыстычнага патоку падчас пандэміі. Калі ў 2010-х гадах у нашы спецыяльныя сродкі размяшчэння прыязджала штогод 190–230 тысяч замежных гасцей, то ў 2020-м іх колькасць апусцілася да 74 тысяч, а ў 2021-м — да 98 тысяч. Фактычна, аднаўленне адбылося толькі ў 2024 годзе — 218 тысяч замежных грамадзян наведалі нашы здраўніцы. А 2025 год ужо прадэманстраваў значны рост — 246 тысяч замежнікаў.

Калі казаць пра іх долю сярод адпачывальнікаў, то за апошнія тры пяцігодкі пік прыпаў на 2013-2014 гады — звыш 27 %. Летась доля замежнікаў у здраўніцах была 22 %. А падчас ковіду апускалася да 11-12 %. Зыходзячы з гэтага параўнання і здаецца, што замежнікаў стала празмерна шмат. Хоць на самай справе яны займаюць свабодныя месцы, якія засталіся ад беларусаў, і забяспечваюць нашым аб’ектам поўную загрузку.

У нашага рынку аздараўленчых паслуг ёсць яшчэ адна спецыфіка: большасць пуцёвак суайчыннікі атрымліваюць праз розныя механізмы сацыяльнай адказнасці: карпаратыўнай ці дзяржаўнай. На іх долю прыпадае больш за 80 % пуцёвак у беларусаў. Некаторыя аплачваюцца цалкам, іншыя — часткова. Нашых грамадзян, якія адпачываюць за ўласны кошт, адносна няшмат. Справа не ў тым, што людзі не жадаюць траціць уласныя сродкі на адпачынак унутры краіны. Проста сацыяльныя праграмы аздараўлення настолькі шырокія, што пад іх цяжка не падпасці. 

З прычыны такой спецыфікі значная частка пуцёвак выкупляецца ці браніруецца загадзя пад тыя ці іншыя сацыяльныя і карпаратыўныя праграмы. Астатняе рэалізуецца ўмоўна на адкрытым рынку.

І на ім попыт расце ў сілу шырокага спектра абставін. Па-першае, па ўзроўні камфорту і паслуг нашы санаторыі істотна падцягнуліся. 

У іх мадэрнізацыю і ўзвядзенне новых аб’ектаў укладваюцца значныя сумы, штогод рэалізуюцца дзясяткі буйных праектаў. І ў гэтай пяцігодцы інвестыцыйны цыкл толькі пашырыцца і паглыбіцца ў выніку абазначэння турызму як аднаго з прыярытэтаў устойлівага развіцця беларускай эканомікі.

Па-другое, зніжаецца даступнасць выязнога турызму — як з фінансавага, так і з фізічнага пунктаў гледжання. Міжнародная лагістыка сур’ёзна парушана. І калі раней, падчас пандэміі, здавалася, што гэта часовая з’ява, то сёння відавочна — абмежаванні на перамяшчэнне сталі сусветным трэндам. І ён будзе дастаткова працяглым. Усё больш востра паўстае таксама пытанне асабістай бяспекі ў час адпачынку ў замежных юрысдыкцыях. Таму цікавасць да беларускіх санаторыяў павышаецца. Але, нярэдка, у моманце.

Сёлета з-за канфлікту ў Персідскім заліве затармазіліся ці ўвогуле спыніліся некаторыя турыстычныя напрамкі. Турцыя і Егіпет па-ранейшаму застаюцца Меккай пляжнага адпачынку. Але адпачынак у гэтых краінах даражэе з розных прычын. 

І нечакана нашы здраўніцы атрымалі дадатковую прывабнасць і канкурэнтаздольнасць. Прычым вясной, калі турыстычны сезон, у прынцыпе, спланаваны: і ў пастаўшчыкоў паслуг, і ў адпачывальнікаў. Даволі істотнае змяненне на знешнім турыстычным рынку сфарміравала дадатковую колькасць патэнцыяльных пакупнікоў пуцёвак. Іх адсутнасць кагосьці магла нават раззлаваць. Але адпачынак — сур’ёзная справа. І патрабуе планавання. Неабходна адзначыць, што беларускія здраўніцы пашыраюць свае магутнасці. Таму, перакананы, усе ахвотныя змогуць адпачыць у роднай краіне. І гасцям месца хопіць.

Уладзімір ВАЛЧКОЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю