Беларускія нафтавікі плануюць здабыць 2,1 млн тон чорнага золата ў 2026 годзе. Аб гэтым расказаў генеральны дырэктар кампаніі «Беларуснафта» Аляксандр Ляхаў, паведамляе БелТА.
«Мы ўпэўнена глядзім у заўтрашні дзень. У планах кампаніі на 2026 год — здабыча 2,1 млн т нафты і далейшы рост здабычы нафты ў наступнай пяцігодцы да ўзроўню 2,3 млн т да 2030 года», — агучыў арыенціры генеральны дырэктар.
Ён падкрэсліў: калектыў кампаніі настроены на сур’ёзную работу. «Людзі разумеюць, што няпроста будзе выйсці на гэтыя рубяжы. Але агулам мы бачым, што тыя падыходы, якія мы рэалізавалі, будуць працаваць на вынік. І мы маем сур’ёзную рашучасць, каб дасягнуць вялікіх вышынь для нашай кампаніі, для краіны ў цэлым», — запэўніў Аляксандр Ляхаў.
Гаворачы аб тым, дзякуючы якім тэхналогіям удаецца нарошчваць аб’ёмы, генеральны дырэктар зрабіў акцэнт: «Гэта перш за ўсё тэхналогіі, звязаныя з будаўніцтвам гарызантальных свідравін, гэта заканчванне свідравін шматстадыйнымі, шматаб’ёмнымі гідраўлічнымі разрывамі пласта. Такім чынам нам удалося ўцягнуць у распрацоўку запасы, якія раней не распрацоўваліся на старых радовішчах. Напрыклад, на самым буйным у Рэспубліцы Беларусь Рэчыцкім радовішчы».
Аляксандр Ляхаў звярнуў увагу і на тое, што вельмі актыўна ідзе лічбавізацыя галіны. «Практычна ўвесь наш ландшафт ужо сёння лічбавізаваны. І галоўнае, вядома, — праект „Лічбавае радовішча“, якое аб’ядноўвае ўсе аб’екты здабычы, усе аб’екты геалогіі нашай кампаніі. Мы сёння актыўна лічбавізуем бурэнне, геолагаразведку, у цэлым геалогію, таму што гэта вялікія масівы даных. Лічбавізацыя дае магчымасць павысіць дакладнасць прагнозу. І гэта таксама з’яўляецца складнікам нашага поспеху — здабычы 2 млн т нафты (за 2025 год. — Заўв. БелТА)», — адзначыў кіраўнік.