Top.Mail.Ru

Беларускія кампаніі заключылі кантракты на $ 25 млн на пастаўку прадукцыі ва Узбекістан

Беларускія кампаніі ўжо заключылі кантракты на $ 25 млн на пастаўку прадукцыі ва Узбекістан. Пра гэта журналістам расказаў старшыня БелГПП Міхаіл Мятлікаў, які знаходзіцца ў складзе ўрадавай дэлегацыі з афіцыйным візітам ва Узбекістан, паведамляе БелТА.



Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын на чале ўрадавай дэлегацыі накіраваўся з афіцыйным візітам ва Узбекістан. Кіраўніка беларускага ўрада сустрэлі ў міжнародным аэрапорце Ташкент-Хума, які зусім нядаўна прыняў першыя рэйсы. Аляксандр Турчын стаў першым прэм’ер-міністрам замежнай дзяржавы, які ступіў на трап новай паветранай гавані ўзбекскай сталіцы.

Да гэтага ў Самаркандзе беларускі прэм’ер правёў сустрэчу ў нефармальнай абстаноўцы з Прэм’ер-міністрам Узбекістана Абдулой Арыпавым, падчас якой бакі абмеркавалі актуальныя пытанні двухбаковага парадку дня, а таксама азнаёміўся з дзейнасцю Самаркандскага аўтамабільнага завода (SamAuto).

  • Сумесна кіраўнікі ўрадаў Беларусі і Узбекістана прыбылі ў Ташкент і каля трапа самалёта іх сустрэў хокім (мэр) Ташкента Шаўкат Умурзакаў. Тут запланавана правядзенне чацвёртага пасяджэння Узбекска-беларускага дзелавога савета, а таксама Узбекска-беларускі бізнес-форум. У праграме двухдзённага візіту таксама перагаворы з Прэм’ер-міністрам Узбекістана Абдулой Арыпавым і наведванне шэрагу вытворчых пляцовак. Пытанні паглыблення двухбаковага супрацоўніцтва будуць абмеркаваны на сустрэчы з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым.

Па словах старшыні БелГПП, у Ташкент прыбыла прадстаўнічая беларуская дэлегацыя, у тым ліку 42 прадпрыемствы. «Яны прадстаўляюць наша машынабудаванне, дрэваапрацоўку і лясную гаспадарку, фармацэўтыку і касметыку, прадукты харчавання. Практычна ўсе сектары эканомікі сёння тут прысутнічаюць. Вялікая цікавасць адзначаецца ва ўзбекскіх партнёраў», — расказаў ён.

На пасяджэнні Узбекска-беларускага дзелавога савета плануецца абмеркаваць узаемадзеянне з партнёрамі і Гандлёва-прамысловай палатай Узбекістана. «Таксама адбудзецца вялікі Узбекска-беларускі бізнес-форум. На дадзены момант больш за 250 кампаній Узбекістана запісаліся на гэтае мерапрыемства. Будуць праходзіць B2B-перагаворы, — заўважыў Міхаіл Мятлікаў. — Цяпер праходзяць сустрэчы і падпісанне камерцыйных кантрактаў, якія былі нядаўна напрацаваныя на пастаўку беларускай прадукцыі ва Узбекістан. Ужо падпісана 10 дакументаў на агульную суму $25 млн. Заўтра прадоўжацца перагаворы і мы спадзяёмся яшчэ на падпісанне шэрагу кантрактаў».

Сярод новых напрамкаў развіцця супрацоўніцтва кіраўнік БелГПП назваў сумесную вытворчасць мэблі ва Узбекістане. «Ва Узбекістане сапраўды бум будаўніцтва. Па выніках мінулага года рост у гэтым сектары эканомікі склаў больш за 15%. Таму запатрабаваныя нашы піламатэрыялы: OSB-пліты, фанера, якія актыўна выкарыстоўваюцца ў будаўніцтве. Нашы матэрыялы тут ідуць, як той казаў, з колаў», — звярнуў увагу Міхаіл Мятлікаў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю