Top.Mail.Ru

Беларускія каледжы прапаноўваюць шмат цікавых спецыяльнасцей для дзяўчат

Сёння мы закранулі тэму сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі і пошуку месца ў гэтай сферы для дзяўчат. Так ужо павялося, што сённяшнія каледжы, а раней — вучылішчы і тэхнікумы, не лічацца тым самым лепшым месцам, дзе прадстаўніцы прыгожага полу могуць паспяхова працягваць сваю адукацыю. Гэты стэрэатып прыводзіць да таго, што многія дзевяцікласніцы як учора, так і сёння аўтаматычна паступаюць у старшую школу і нават не разглядаюць іншыя варыянты. Але на сучасныя каледжы і тэхнікумы ім варта звярнуць увагу. Дэталёва ў гэтых і іншых пытаннях мы разбіраемся разам з начальнікам упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі Аляксандрай Пятровай.


Да залатой сярэдзіны

— Аляксандра Мікалаеўна, прывядзіце аргументы, чаму варта ісці ў каледж, а не ва ўніверсітэт?

— Пачну з таго, што сучасны ўзровень тэхналогій, падачы інфармацыі, наяўнасць розных сетак нейкія яркія адрозненні ў прафесіях паступова сціраюць. Ну, а калі па сутнасці пытання, то вучоба ва ўніверсітэце не падзяляе навучэнцаў па гендарнай прыкмеце так, як у каледжы. У тэхнічных ВНУ пераважная колькасць студэнтаў — усё яшчэ хлопцы, у гуманітарных — дзяўчаты. Справядліва адзначыць, што тэндэнцыя паступова змяняецца і там: на мужчынскай інжынернай спецыяльнасці вучацца дзяўчаты, а ў педагагічным універсітэце — юнакі. У каледжах крыху іншая сітуацыя. Там усё ж такі больш умоўнага падзелу на «жаночыя» і «мужчынскія» прафесіі. Дарэчы, сёння ў каледжах Беларусі на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі навучаецца каля 70 тысяч чалавек, на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай — больш за 116 тысяч.

На ўзроўні ССА большая частка спецыяльнасцяў дзеліцца пароўну паміж дзяўчатамі і хлопцамі. Напрыклад, праграмісты. Ёсць спецыяльнасці, на якія традыцыйна паступаюць толькі дзяўчаты. Напрыклад, гандлёвая дзейнасць, дашкольная адукацыя, пачатковая школьная адукацыя. А ёсць і чыста мужчынскія спецыяльнасці — тыя, што звязаны з машынабудаваннем. Хоць сёння і там ёсць выключэнні. Што датычыцца ўзроўню прафесійна-тэхнічнай адукацыі, спецыяльнасці якой запатрабаваны і выкарыстоўваюцца ў рэальным сектары эканомікі, то там прыкладна 70 % маладых людзей і 30 % дзяўчат, таму што пералік прафесій для дзяўчат у гэтым выпадку традыцыйна меншы, чым на ўзроўні ССА. Калі ўзяць профільную адукацыю, то педагогіка — гэта больш жаночы профіль, адпаведна, і дзяўчат тут больш: дастаткова прыйсці ў педагагічны каледж, каб у гэтым пераканацца. Калі мы наведаем тэхнічны каледж, напрыклад, машынабудаўнічага профілю, то тут — царства юнакоў. А вось у будаўнічай установе адукацыі выконваецца парытэт — пароўну і тых, і іншых.

Банкір, эканаміст... Будаўнік

— Якія спецыяльнасці сёння ў прыярытэце ў маладых беларусак?

— Традыцыйна папулярныя медыцынскія, педагагічныя. На ўзроўні ССА яны заўсёды трымалі марку прэстыжных і мелі высокі прахадны бал. Хачу заўважыць: у гэтыя прафесіі, як правіла, прыходзяць дзеці па прызванні, па поклічы сэрца. І гэта зноў-такі дзяўчаты. Таленавітая моладзь паступае ва ўстановы адукацыі сферы мастацтва, дзе баланс прыкладна аднолькавы. У свой час у сферы ССА вельмі папулярнай сярод прадстаўніц прыгожага полу была спецыяльнасць «Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва».

Сёння гэтая спецыяльнасць называецца «Будаўніцтва будынкаў і збудаванняў» і па-ранейшаму карыстаецца попытам сярод нашых юных суайчынніц. Як і эканоміка, банкаўская сфера.

З класікі — у сучаснасць

— Усё гэта прызнаная «класіка». Якія новыя сферы пакараюць ці толькі збіраюцца пакараць нашы юныя суайчынніцы?

— Апошнім часам у нас з’явіліся дзяўчаты, якія на ўзроўні ПТА асвойваюць такія нехарактэрныя для сябе прафесіі, як аператар станкоў з праграмным кіраваннем. На ўзроўні ССА яны асвойваюць такую спецыяльнасць, як «Мехатроніка». Так, час бяжыць, тэхналогіі ідуць наперад, на прадпрыемствах укараняецца новае пакаленне абсталявання, практычна ўсе вытворчыя працэсы аўтаматызуюцца. Не трэба пераносіць цяжар, выконваць фізічна цяжкія аперацыі, таму нашы дзяўчаты часцей сталі выбіраць працу, звязаную з механізацыяй, якую за іх выконвае станок. Яны ж у гэты час займаюцца, напрыклад, праграмаваннем. Калі гаворка зайшла аб праграмаванні, то тут паміж слабым і моцным полам усталяваўся парытэт: 50×50 — дзяўчынкі таксама з вялікім задавальненнем займаюцца праграмаваннем, распрацоўкай мабільных дадаткаў, рознымі электроннымі сістэмамі.

— Што новага ў гэту ўступную кампанію чакае нашу моладзь?

— Пачнём з узроўню ССА. У 2025 навучальным годзе ў нас упершыню ў Мінскім гарадскім педагагічным каледжы адкрыецца новая спецыяльнасць «Выхаваўчая праца». Хутчэй за ўсё на яе прыйдуць дзяўчаты, аднак і хлопцаў чакаем.

Спецыяльнасці «Тэхнічная эксплуатацыя мультымедыйных сістэм» будуць вучыць ва УА «Беларуская дзяржаўная акадэмія сувязі» — тут таксама чакаем і юнакоў, і дзяўчат. 

Яшчэ адна сучасная спецыяльнасць «Дызайн гукавога асяроддзя» разлічана на цікавасць усіх дзяцей, незалежна ад іх гендарнай прыналежнасці. Спецыяльнасць «Праграмна-тэхнічнае забеспячэнне лічбавых прылад», якой пачнуць вучыць у Мінскім радыётэхнічным каледжы БДУІР, таксама для змешанага кантынгенту.

Асобна хацела б расказаць пра спецыяльнасць, якая ў большай ступені нацэлена на інтарэсы маладых людзей — «Кузаўны рамонт транспартных сродкаў».

— Аднак яна не новая?

— Так, згодна. Сутнасць — у яе сучасным падыходзе. Аўтамабіль у нашым жыцці надоўга, дакладней, назаўжды. Навацыі ў аўтамабілебудаванні праходзяць такімі тэмпамі, што мы не паспяваем за імі. Раней з кузавам працавалі, выкарыстоўваючы традыцыйныя інструменты і сродкі, папросту кажучы, малаток і кавадлу. Цяпер тэхналогіі вырабу кузава памяняліся, і ён сёння можа быць зроблены з інавацыйных матэрыялаў. Таму спецыяліст, якога мы будзем рыхтаваць, павінен быць не толькі высакакласным прафесіяналам у сваёй непасрэднай працы, але і павінен мець і фундаментальную тэарэтычную падрыхтоўку і ведаць усё пра матэрыялы, з якіх выраблены кузаў таго ці іншага аўтамабіля, ведаць усё пра аўтамабілі і, самае галоўнае, каб ён быў гатовы развівацца і пастаянна абнаўляць гэтыя веды.

Чым вышэйшы бал, тым больш магчымасцяў

— Засталося высветліць, які конкурс чакаецца на запатрабаваныя як эканомікай, так і абітурыентамі, спецыяльнасці і што трэба, каб усё атрымалася?

— Калі браць у разлік леташнія вынікі, то на спецыяльнасці, звязаныя з мультымедыйнымі сістэмамі, лічбавымі прыладамі і праграмаваннем, чаканы прахадны бал можа вар’іравацца ад 8 да 10 балаў. Да 9 балаў — на спецыяльнасці медыцынскага і педагагічнага профілю.

Нагадаю, што ў адрозненне ад ВНУ, дзе недахопы ў атэстаце можна кампенсаваць вынікамі тэсціравання, у сістэме ССА і ПТА такой магчымасці няма. Тут вагу мае толькі атэстат. І па-ранейшаму выйграе той, хто добра вучыўся ў школе, у каго добрыя адзнакі ў дакуменце аб адукацыі. Чым вышэйшы бал — тым больш магчымасцяў, чым ніжэйшы — тым меншы выбар. Да гэтага трэба ставіцца вельмі сур’ёзна, таму што на некаторыя спецыяльнасці ў нас назіралася канкурэнцыя нават сярод дзяцей з высокім балам.

— Як усё ж такі маладому чалавеку дапамагчы зразумець, што ён выбірае тую самую, сваю спецыяльнасць?

— Існуе мноства магчымасцяў. Напрыклад, дні адчыненых дзвярэй у каледжах. Не толькі яркія, але і вельмі карысныя ўражанні дае дзецям наведванне Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства сярод навучэнцаў каледжаў, які сёмы раз пройдзе ў маі гэтага года. Відовішча незабыўнае, запрашаем!

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю