Беларускія спартсмены заваявалі адзінаццаць медалёў на этапе адкрытага чэмпіянату Афрыкі па дзюдо, які праходзіў у Тунісе, паведаміла БелТА.
Да фіналаў у сваіх вагавых катэгорыях дабраліся пяцёра прадстаўнікоў Беларусі, і кожны з іх выйграў золата. Арцём Коласаў (да 60 кг) адолеў егіпцяніна Ясіна Сабраха, Аляксандр Сідорык (да 90 кг) перамог Абдэлазіза Бэн Амара з Туніса, Ганна Буракова (да 52 кг) справілася з брытанкай Лолай Ходсан, Яна Макрэцкая (да 63 кг) была мацнейшай за расіянку Мілену Хілаву, а Славяна Рылкевіч (да 78 кг) нанесла паражэнне мясцовай спартсменцы Арыдж Агуэб.
Таксама ў актыве нашай каманды шэсць бронзавых узнагарод, іх уладальнікамі сталі Максім Чарняк, Антон Дубовік (абодва — да 81 кг), Андрэй Шымбалёў (да 90 кг), Панкрат Сурба, Яўген Мораў (абодва — да 100 кг) і Дзіяна Грыгарэнка (да 52 кг). Усяго ўдзел у турніры African Open прынялі 229 атлетаў з 29 краін, нашу краіну прадставілі 28 чалавек. Раней беларускія дзюдаісты заваявалі 10 медалёў на маладзёжных спаборніцтвах у Тунісе (4-3-3).