Top.Mail.Ru
131

Беларускія дыпламаты трымалі экзамен на роднай мове

Дыпламаты і супрацоўнікі пасольства Беларусі ў Расіі, а таксама члены іх сем’яў 23 лютага прынялі ўдзел (у фармаце анлайн) у штогадовай святочнай акцыі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы «Купалаўская дыктоўка», паведамілі БелТА ў прэс-службе дыппрадстаўніцтва.

За час свайго існавання «Купалаўская дыктоўка» перарасла маштабы ўніверсітэцкага мерапрыемства, стаўшы сапраўдным культурным і інтэлектуальным брэндам Гродзенскага дзяржуніверсітэта. У гэтым годзе для дыктоўкі быў выбраны верш Уладзіміра Караткевіча «На Беларусi Бог жыве».

«Дарэчы, выказваем падзяку калегам з другога дэпартамента краін СНД МЗС Расіі, якія таксама далучыліся да мерапрыемства і мелі магчымасць атрымаць задавальненне ад меладычнасці беларускай мовы», — адзначылі ў дыпмісіі.

«Лічым, што гэта асаблівы гонар — пісаць у гэты дзень дыктоўку разам са сваёй краінай, — падкрэсліла саветнік-пасланнік пасольства Беларусі ў Расіі Ірына Акуловіч. — Мы пісалі сем’ямі, разам з дзецьмі, і кожны з нас з асаблівым пачуццём успрыняў тэму дыктоўкі — „На Беларусi Бог жыве“. Дзень сёння асаблівы — Дзень абаронцаў Айчыны. Як сказаў наш Прэзідэнт: „Мы краіну на шчыты не складваем. Будзем яе абараняць, наколькі гэта магчыма“. Галоўнакамандуючы дакладна абазначыў задачу перш за ўсё для тых, хто сваё жыццё прысвяціў служэнню Айчыне, але па сутнасці гэта зварот да кожнага з нас. Абараняць сваю краіну — значыць берагчы не толькі яе рубяжы, але і нашу культуру, традыцыі, і, вядома, нашу родную беларускую мову».


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю