Top.Mail.Ru
290

Беларускія арнітолагі знайшлі новы для краіны від птушак

У Беларусі зарэгістравалі новы від птушак, паведамляе БелТА.


«На пасяджэнні Беларускай арнітафауністычнай камісіі з удзелам арнітолагаў НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах зацвердзілі рэгістрацыю новага віду птушак для нашай краіны. Камісія сустракаецца раз у год, каб разгледзець рэгістрацыі патэнцыяльна новых і іншых рэдкіх залётных відаў. Цяпер у спісе арнітафауны краіны 344 віды», — расказалі вучоныя. 

Новы для краіны від дразда 21 кастрычніка знайшла віцябчанка. На жаль, птушка разбілася аб шкло гандлёвага цэнтра. Гэта быў белавалляковы дрозд (Turdus torquatus), які раней не адзначаўся ў Беларусі. Гэты від гняздуецца ў гарах Еўропы. 

«Белавалляковага дразда не заўсёды лёгка заўважыць, бо вонкава ён вельмі падобны на звычайнага чорнага дразда. Самцоў адрозніць прасцей — у іх на грудзях ёсць белая пляма. А вось самкі і маладыя птушкі гэтых двух відаў слаба адрозніваюцца. Яшчэ адзін рэдкі від быў сфатаграфаваны 12 студзеня ў парку горада Высокае Брэсцкай вобласці. Фатограф звярнуў увагу на доўгую дзюбу птушкі і западозрыў, што гэта не звычайная, а караткапальцая пішчуха», — расказалі ў НПЦ па біярэсурсах. 

Гэты від рэгістраваўся ў краіне ў 1918-м, потым у пачатку XXI стагоддзя было некалькі галасавых рэгістрацый. Цяпер упершыню ўдалося сфатаграфаваць птушку. Гэты від звычайны ў Заходняй Еўропе, а па Польшчы праходзіць усходняя мяжа распаўсюджвання віду. Звычайную пішчуху пры гэтым у Беларусі ўбачыць можна нават у гарадах. «Караткапальцую адрозніць ад яе ў прыродзе няпроста, таму лепш за ўсё рабіць фота ці відэа, а таксама запісваць голас», — дадалі вучоныя.

Беларуская арнітафауністычная камісія таксама зацвердзіла рэгістрацыю ў 2025 годзе наступных залётных і рэдкіх для краіны відаў: караткадзюбы гуменнік, гусь-піскулька, нільская гусь, белавокая чэрнець, каравайка, звычайная каўпіца, канюк-курганнік, арол-карлік і інш.

За НПЦ па біярэсурсах НАН Беларусі замацавана навуковае забеспячэнне дзяржаўнай экалагічнай палітыкі ў галіне захавання і рацыянальнага выкарыстання расліннага і жывёльнага свету, прыродных супольнасцяў і экасістэм, навукова-тэхнічнае суправаджэнне захавання і выкарыстання біялагічнай разнастайнасці і біярэсурсаў як нацыянальнага набытку Рэспублікі Беларусь.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю