У беларусаў проста так нічога не ляжыць — руплівыя гаспадары знойдуць прымяненне і падземным багаццям, і таму, што літаральна ляжыць пад нагамі. Калі падумаць на перспектыву і крыху зазірнуць за гарызонт, то ў гаспадарцы можа спатрэбіцца ўсё, — гэта пацверджана практыкай. Менавіта таму Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка так часта арыентуе адказных асоб ставіцца па-гаспадарску да нашых рэсурсаў, і з прычыны адсутнасці самых каштоўных з іх (напрыклад, нафты ці газу) знаходзіць, чым замяніць, тым самым сэканоміць і нават атрымаць выгаду. На ўзроўні кіраўніка дзяржавы ў маі гэту тэму абмяркоўвалі ў розных аспектах.
Рэзервы на звалцы
Нядаўна на ўзроўні Прэзідэнта прайшла нарада па пытаннях абыходжання з адходамі і выкарыстання другасных матэрыяльных рэсурсаў. Што рабіць з камунальнымі адходамі, у цэлым разуменне ёсць.
Куды складаней з адходамі вытворчасці. Вялікі «галаўны боль» дастаўляюць адходы Гомельскага хімічнага завода (іх сабралася звыш 26 мільёнаў тон). Гэта ў большасці сваёй фасфагіпс. Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк расказаў, што ў адной тоне фасфагіпсу змяшчаецца 80–84 кілаграмы штучнага гіпсу, які па сваіх характарыстыках нават лепшы за прыродны... А яшчэ ў суседняй Расіі з фасфагіпсу даволі паспяхова атрымліваюць такія запатрабаваныя сёння рэдказямельныя элементы. Міністр выступіў з ініцыятывай вывучыць гэты вопыт, а таксама магчымасць і мэтазгоднасць рэалізаваць яго на практыцы, бо ў падобнай вытворчасці можа быць закладзены і значны экспартны патэнцыял.
Грошы пад зямлёй
Беларусь не вельмі багатая на карысныя выкапні. Але здабыча тых, якія ёсць, павінна весціся актыўна і арганізавана, нацэльвае Прэзідэнт. Развіццё калійнай галіны — адзін з дзяржаўных прыярытэтаў. Мінеральныя ўгнаенні — беларускі брэнд. Таму работа па іх здабычы працягнецца, што, зразумела, умацуе пазіцыі Беларусі на рынку калійных угнаенняў. Для гэтага ў Любанскім раёне будуецца новы горна-абагачальны комплекс, які Аляксандр Лукашэнка наведаў на мінулым тыдні. Прадпрыемства яшчэ не запушчана, але работа на ім пачалася — на сёння тут ужо здабываюць руду, якой назапашана больш за 300 тысяч тон. Тут будуць вырабляць высакаякасныя калійныя ўгнаенні — так званы белы калій, які карыстаецца высокім попытам на знешніх рынках. Чакаецца, што асноўным імпарцёрам нашага прадукту будзе КНР.
І перспектыва ў гэтага кірунку вельмі вялікая. «Наогул, калійныя запасы ў нашай краіне разведаны, разлічаны больш чым на 120 гадоў. Тая праграма, якую заклаў Прэзідэнт яшчэ ў 2003-м, калі Беларусь першай з рэспублік былога Савецкага Саюза пачала будаўніцтва новага рудніка — Чырвонаслабодскага, працягвае паспяхова дзейнічаць. Пасля гэтага былі пабудаваны Бярозаўскі руднік, Петрыкаўскае рудаўпраўленне... І мы, заканчваючы адзін руднік або рудаўпраўленне, плаўна пераходзім на іншыя радовішчы, на іншыя ўчасткі радовішча», — расказаў журналістам Іван Галаваты, намеснік дырэктара горна-абагачальнага комплексу.
На пытанне, чаму гэты кірунак для Беларусі ніколі не страціць сваю актуальнасць, адказаў сам кіраўнік дзяржавы: «Людзі хочуць есці — прадуктаў харчавання без мінеральных угнаенняў і арганікі не бывае. Таму мы тут не памыляемся, што развіваем гэта будаўніцтва і займаемся здабычай вельмі карысных і патрэбных мінеральных угнаенняў».
Золата пад нагамі
40 % тэрыторыі Беларусі займаюць лясы, таму займацца перапрацоўкай у нашай краіне сам бог загадаў. І гэта прадукцыя цалкам запатрабавана.
А што наконт адходаў? Іх мора і на лесанарыхтоўках, і на прадпрыемствах. І з гэтых трэсак і пілавіння можна атрымаць экалагічна чыстае, каларыйнае, самае галоўнае, таннае паліва — пелеты. Гэта, здавалася б, дробнае, але вельмі эканамічна выгаднае пытанне пастаянна знаходзіцца ў полі зроку Прэзідэнта. Менавіта па яго даручэнні ў краіне сталі будаваць пелетныя заводы. Адно з такіх прадпрыемстваў Аляксандр Лукашэнка наведаў у мінулую суботу ў Ляскавічах.
Выкарыстанне пелет — сусветная тэндэнцыя. Напрыклад, краіны Еўрапейскага саюза спажываюць больш за 12,5 мільёна тон, Японія — 4,5 мільёна, Рэспубліка Карэя — 6 мільёнаў. Таму пелеты для Беларусі — гэта яшчэ і перспектыўная экспартная пазіцыя. «Мы ведаем краіны далёкай дугі, якія зацікаўлены ў нашай прадукцыі. Іх прадстаўнікі прыязджалі да нас, паглядзелі вытворчасці — былі прыемна здзіўлены культурай вытворчасці, тэхналогіямі, узялі доследныя партыі пелет на свае электрастанцыі, нашы спецыялісты паехалі туды... Пакуль усё ідзе па плане, нас усё задавальняе, але трэба ставіць больш амбіцыйныя планы», — адзначыў міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік у эфіры «Першага інфармацыйнага». Тым больш, як заўважыў кіраўнік дзяржавы, — санкцыі не вечныя, і еўрапейскія краіны яшчэ вернуцца да беларускіх пелет.
На сёння ў Беларусі створана 64 пелетныя вытворчасці. Яны здольныя выпускаць 900 тысяч тон прадукцыі за год. Чакаецца, што сёлета на ўнутраным рынку будзе спажыта звыш 70 тысяч тон. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гэта мала. «Мы выкарыстоўваем газ і нафтапрадукты. А нам трэба сваё. Гэта адходы — іх трэба перапрацаваць і дзе толькі можна абаграваць памяшканні», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Прычым, па яго словах, гэта датычыцца не толькі сацыяльных, але і прамысловых аб’ектаў.
Тым больш што сыравіны для гэтага цалкам хапае. Не пустыя разважанні — а словы міністра лясной гаспадаркі. «У нас цяпер не запатрабавана тры мільёны кубаметраў дрывянай драўніны, якая ляжыць на складах. Таму можна нават павялічваць магутнасці па вытворчасці пелет», — удакладніў Аляксандр Кулік. Па словах міністра, 24 тысячы тон на экспарт і ўнутраны рынак былі адгружаны за І квартал 2025 года. Для параўнання, 8 тысяч тон было рэалізавана летась.
Ёсць і абсталяванне, якое працуе на пелетах. Што важна — айчыннай вытворчасці. Яны аўтаматызаваныя, простыя ў абслугоўванні і эксплуатацыі, некаторымі можна кіраваць нават з мабільнага тэлефона. Ёсць і ўніверсальныя катлы, якія працуюць як на пелетах, так і на дровах. Генеральны дырэктар ААТ «Гомельскі завод «Камунальнік» Уладзіслаў Кавалёў расказаў, што ў найбліжэйшы час першую партыю беларускіх катлоў адгрузяць у Расію. Прадпрыемства працуе на поўную магутнасць, і ў яго ўжо ёсць планы на наступны год.
Аснова імпартанезалежнасці і экалагічнай бяспекі
Калі бачыш, дзе ўзяць грошы, трэба дзейнічаць вельмі хутка, інакш эканамічна прывабную нішу зоймуць іншыя. І так ва ўсіх сферах, у тым ліку і ў абыходжанні з рэсурсамі — прыроднымі і другаснымі. Прэзідэнт гэта выдатна разумее, таму і патрабуе ад усіх паскорыцца.
— Аляксандр Рыгоравіч неаднаразова казаў, што свет цяпер жыве ў шалёным тэмпе. Таму і нашым гаспадарнікам таксама неабходна бегчы, спрабаваць развіваць новыя формы вытворчасці, шукаць новыя рынкі збыту, нейкім чынам змяншаць выдаткі для таго, каб быць заўсёды на вышыні, — сказаў у ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё» дэкан факультэта журналістыкі БДУ, палітолаг Аляксей Бяляеў. — Інакш, як сказаў Прэзідэнт, мы можам застацца ў хвасце. А дзякуючы рупліваму выкарыстанню наяўных рэсурсаў мы можам стварыць аснову імпартанезалежнасці. Акрамя таго, гэта таксама пэўныя інавацыйныя тэхналогіі, якія потым могуць быць прададзены на знешнім рынку.
— Нездарма кіраўнік дзяржавы падкрэслівае, што другасныя рэсурсы служаць рэзервам росту эканомікі краіны, — заўважае член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення Гродзенскага аблвыканкама Павел Ашурык. — На сёння перапрацоўка адходаў з атрыманнем другаснай сыравіны і прыбытак ад яе продажу адназначна станоўча паўплываюць на эканамічны складнік дзейнасці суб’ектаў гаспадарання. Да таго ж паўторнае выкарыстанне гэтых матэрыялаў дапаможа значна зменшыць затраты на вытворчасць новых тавараў, палепшыць энергетычную і экалагічную бяспеку краіны.
Несумненна, тут маецца на ўвазе і экалагічны складнік, і элементарнае навядзенне парадку, што сёлета, у Год добраўпарадкавання, асабліва актуальна. Старшыня Пастаяннай камісіі па экалогіі і прыродакарыстанні Палаты прадстаўнікоў Жанна Чарняўская ў размове з карэспандэнтам «Звязды» заўважыла, што нягледзячы на адсутнасць нафты і газу, Беларусь рэсурсамі не абдзеленая. Трэба толькі зразумець, як іх выкарыстоўваць. «Пелеты — адходы ляснога фонду і адходы дрэваапрацоўкі. Сёння некаторыя прадпрыемствы ўжо выкарыстоўваць катлы на пелетах. Так, да санкцый мы працавалі на экспарт, але цяпер усё змянілася. Разам з тым што нам перашкаджае выкарыстоўваць гэта экалагічна чыстае, таннае паліва, якога ў нас шмат, і тым самым эканоміць? Таму мы як руплівыя гаспадары павінны абдумаць, як зрабіць так, каб пелетныя заводы не прастойвалі. І што немалаважна, рацыянальнае выкарыстанне драўняных адходаў забяспечвае парадак у лясах, на прадпрыемствах дрэваапрацоўкі, бо яны ўсе збіраюцца, — адзначыла парламентарый. — І сёння стаіць задача данесці да насельніцтва, што выкарыстоўваць пелеты выгадна, зручна і цалкам даступна. Для нашых людзей даступныя розныя віды паліва, і кожны можа выбраць той, які для яго найбольш прымальны».