У нашай краіне жыве каля 4,9 мільёна жанчын — прыгожая палова складае 54 % насельніцтва. Белстат склаў партрэт беларускі: жыве ў горадзе, ёй у сярэднім 44 гады, яна добра адукаваная (мае вышэйшую ці сярэднюю адукацыю), упершыню выходзіць замуж у 27 гадоў, а праз год нараджае дзіця.
Як расказала намеснік старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Наталля ТАРАСЮК, пераважная колькасць жанчын жыве ў гарадской мясцовасці — амаль 80 %. Сярод рэгіёнаў нашай краіны найбольшая ўдзельная вага жанчын прыпадае на Мінск і Мінскую вобласць — 22 і 16 % адпаведна.
Што датычыцца суадносін жанчын і мужчын, яны не мяняюцца ўжо на працягу пэўнага часу. У сярэднім на тысячу мужчын прыпадае 1167 жанчын. Але тут ёсць пэўны дысбаланс па ўзростах: калі ў маладосці суадносіны полаў прыкладна аднолькавыя (на тысячу юнакоў прыпадае 957 дзяўчат), то ўжо ў старэйшых узростах жанчын амаль у два разы больш, чым мужчын.
Летась у кране было заключана 52 тысячы шлюбаў. Сярэдні ўзрост жанчын пры ўступленні ў першы шлюб склаў 27 гадоў. Аднак узрост — гэта не перашкода для стварэння сямейнага саюза, і гэта даказваюць беларускі на справе. Жанчыны ва ўзросце 65 гадоў і старэйшыя ўсё часцей ствараюць сем’і. Летась 713 жанчын з катэгорыі 65+ узялі шлюб, што амаль на 13 % больш, чым у 2024-м. Прычым 44 жанчыны выйшлі замуж упершыню.
Алена КРАВЕЦ