Top.Mail.Ru

Беларускі тхэквандыст Казлоў узяў золата III Гульняў краін СНД

Беларускія спартсмены заваявалі пяць медалёў у першы дзень спаборніцтваў па тхэквандо на III Гульнях краін СНД у Азербайджане, паведамляе БелТА.


За прызы мультыспартыўнага форуму змагаліся сем нашых тхэквандыстаў, з іх на подыум падняліся пяцёра. Найлепшым у вазе да 54 кг у хлопцаў стаў Аляксандр Казлоў. У паўфінале беларус перамог Тамерлана Якубава з Азербайджана, а ў паядынку за золата быў мацнейшы за яшчэ аднаго гаспадара спаборніцтваў Уміда Рахімзадэ. 

Серабро ў катэгорыі да 62 кг заваявала Валерыя Смычкова. Па ходзе турніру наша спартсменка пераўзышла азербайджанак Саадат Абасаву і Наргіз Казімаву, але ў фінале саступіла расіянцы Кіры Скварцовай. Таксама другое месца ў вазе да 87 кг заняў Міхаіл Дзядовіч, а Максім Бандарэвіч (да 63 кг) і Дзіяна Толкіна (да 46 кг) сталі бронзавымі прызёрамі. Заўтра ўдзел у спаборніцтвах па тхэквандо прымуць шасцёра беларусаў.

Спаборніцтвы III Гульняў краін СНД прымаюць сем гарадоў - Гянджа, Яўлах, Мінгячавір, Габала, Шэкі, Гейгель і Ханкендзі. На турнір заявіліся больш за 1600 атлетаў да 23 гадоў з 13 краін: Азербайджана, Беларусі, Расіі, Узбекістана, Казахстана, Таджыкістана, Кыргызстана, Туркменістана, Турцыі, Кубы, Кувейта, Пакістана і Амана. У склад нашай дэлегацыі ўвайшоў 241 атлет у 21 дысцыпліне.

У праграме III Гульняў краін СНД, якія прадоўжацца да 8 кастрычніка, прадстаўлены футбол, баскетбол, валейбол, плаванне, самба, бокс, дзюдо, тхэквандо, бадмінтон, настольны тэніс, скачкі на батуце, стральба з лука, кулявая і стэндавая стральба, фехтаванне, барацьба, каратэ, веславанне акадэмічнае, веславанне на байдарках і каноэ, мастацкая гімнастыка і чаўган.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю