8 верасня 2026 года спаўняецца 85 гадоў з дня пачатку блакады Ленінграда — адной з самых трагічных старонак Вялікай Айчыннай вайны. У Дзень памяці ахвяр блакады Ленінграда больш за сто беларускіх артыстаў выйдуць на сцэну ВКЗ «Кастрычніцкі», каб ушанаваць памяць ахвяр і герояў Вялікай Айчыннай вайны і расказаць аб недапушчальнасці адраджэння нацызму. Праект «Кожны трэці» прадстаўляе незвычайную форму сінтэзу канцэрта, спектакля і дакументальнага расказу, асновай якога з’яўляюцца фота- і відэадакументы, звязаныя з рознымі перыядамі Вялікай Айчыннай вайны і пасляваеннага часу, а таксама ўдакладненыя сучаснымі даследаваннямі лічбы і звесткі.
Доўгі час лічылася, што ў час вайны загінуў кожны чацвёрты жыхар Беларусі, аднак удакладненыя апошнія гады даныя сведчаць аб тым, што Беларусь страціла ў вайне кожнага трэцяга.У канцэрце-рэквіеме прагучаць як шырока вядомыя музычныя творы савецкага перыяду, так і новыя творы сучасных беларускіх аўтараў: Валерыя Шмата, Ганны Сялук, Яўгена Алейніка, Ганны Благавай і інш.
Паэтычную аснову канцэрта складае «Рэквіем па кожным чацвёртым» Анатоля Вярцінскага. Канцэрт-рэквіем створаны па ініцыятыве ТАА «Музычная медыякампанія» пры падтрымцы Міністэрства абароны і Міністэрства культуры Беларусі. Рэжысёр праекта — мастацкі кіраўнік Маладзёжнага тэатра эстрады Уладзіслава Арцюкоўская, аўтары сцэнарыя — Уладзіслава Арцюкоўская і Ганна Сялук.
У 2024-2026 гадах канцэрт-рэквіем «Кожны трэці» паглядзелі тысячы гледачоў у Беларусі, па два разы ён быў паказаны ў Маскве і Казані. За захаванне гістарычнай памяці і ўмацаванне духоўных каштоўнасцей у 2025 годзе праект быў адзначаны прэміяй Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне».