На палях Еўразійскага эканамічнага форуму адбылося ўзнагароджанне пераможцаў і прызёраў Міжнароднага кліматычнага конкурсу «Зялёная Еўразія».
Практыка ўзаемадзеяння Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь з моладдзю ў рамках рэспубліканскага конкурсу «Энергамарафон» удастоена 2-га месца ў намінацыі «Адукацыя і кадры ў сферы клімату».
«Энергамарафон» — гэта штогадовы рэспубліканскі конкурс, які прыцягвае ўвагу грамадскасці да пытанняў экалогіі, энергазберажэння і энергаэфектыўнасці. Пра тое, што робіць гэты праект асаблівым, расказаў намеснік старшыні Дзяржстандарта–дырэктар Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Віталь Крэцкі:
— «Энергамарафон» — гэта не проста конкурс, гэта адлюстраванне нашых намаганняў па фарміраванні ў моладзі культуры разумнага спажывання і беражлівых адносін да рэсурсаў. Мы ганарымся тым, што кожны год усё больш школьнікаў, студэнтаў і педагогаў уключаюцца ў гэты рух, прапаноўваючы дзіўна сталыя і крэатыўныя праекты. Такія ініцыятывы не толькі развіваюць экалагічнае мысленне, але і фарміруюць актыўную грамадзянскую пазіцыю. Конкурс служыць важнай платформай для абмену вопытам паміж установамі адукацыі па ўсёй краіне. І мы ўпэўнены: менавіта гэтыя юныя ўдзельнікі фарміруюць новую, энергазберагальную будучыню Беларусі.
Конкурс «Энергамарафон» праводзіцца з 2007 года. Штогод у ім бяруць удзел каля 3,5 тысяч навучэнцаў больш як з 500 устаноў адукацыі.