Top.Mail.Ru
430

Беларускі паэт Анатоль Аўруцін стаў лаўрэатам Міжнароднай Лермантаўскай прэміі

«Калі вершы не драпаюць душу, не прымушаюць вас здрыгануцца, — гэта не паэзія...»

Сустрэліся з паэтам, каб пагаварыць аб гэтай знакавай падзеі і не толькі...

— Анатоль Юр’евіч, нядаўна вы атрымалі прэстыжную міжнародную ўзнагароду. Што яна для вас значыць? 

— Так ужо складваецца мой творчы лёс, што я часта станаўлюся першым, а часам і адзіным, лаўрэатам пэўных міжнародных узнагарод і прэмій: «Залаты Віцязь» у жанры паэзіі, Міжнародная Цвятаеўская прэмія, прэмія «Літаратурны еўрапеец»... Цяпер вось атрымаў з рук губернатара Пензенскай вобласці, на тэрыторыі якой знаходзяцца легендарныя Тарханы — радавы маёнтак бабулі паэта Л. А. Арсенневай, дзе Міхаіл Юр’евіч вырас і дзе знайшоў свой апошні прытулак, Міжнародную Лермантаўскую прэмію. Дарэчы, губернатар Алег Уладзіміравіч Мельнічэнка на цырымоніі ўручэння вельмі цёпла гаварыў не толькі аб лаўрэатах, але і аб значэнні творчасці вялікага паэта для сучаснага чытача. Ён нават сказаў, што ў перакладзе на сучасныя паняцці Лермантаў быў на Каўказскай вайне кімсьці накшталт камандзіра роты спецназа... 

Прэмія ўваходзіць у лік найбольш прэстыжных у Расіі і нават уключана ў зацверджаны Прэзідэнтам краіны пералік узнагарод, з матэрыяльнай часткі якіх не спаганяюцца падаткі. Саму ж прэмію я атрымаў за выдадзеную ў пачатку гэтага года ў Маскве кнігу паэзіі «С чистого листа», якая мае падзагаловак «Избранное из избранного». Мне даўно хацелася сабраць пад адной вокладкай параўнальна невялікага тома ўсё самае знакавае з напісанага за пяцьдзясят з лішнім гадоў. Доўга мучыўся, робячы адбор, затое кніжка пакуль яшчэ падабаецца нават мне самому... 

— Хто першым благаславіў вашы вершы? 

— Па-сапраўднаму сур’ёзна дапамагчы мне ўвайсці ў літаратуру першым паспрабаваў народны паэт Беларусі Пімен Емяльянавіч Панчанка, які пабываў у гасцях літаб’яднання «Магистраль» пры газеце «Железнодорожник Белоруссии», якім я кіраваў у той перыяд. Тады ж ён і прапанаваў мне паказаць яму рукапіс свайго першага зборніка «Снегопад в июле», а прачытаўшы яго, напісаў ад рукі пяцістаронкавую рэкамендацыю ў выдавецтва «Мастацкая літаратура». Да гэтага часу захоўваю гэтую рэліквію... Рэкамендацыя народнага паэта, на яго велізарнае здзіўленне, да дзеянняў не падштурхнула: мне адказалі, што «добрых дзядзечак у нас многа». Праз некалькі гадоў у гісторыю з выпускам маёй першай кніжкі ўмяшаўся выдатны беларускі пісьменнік Міхась Стральцоў, які дапамог скласці нанава зборнік, а затым і пераканаў выдаўцоў нарэшце ўключыць яго ў план... 

— Вашы перакладчыцкія здольнасці ацэнены шматлікімі аўтарамі, вы майстар перакладу. Як удаецца так тонка адчуваць беларускую і рускую мовы? У чым сакрэт перакладчыка? 

— Я перакладаю, а дакладней раблю «перастварэнні», не толькі з беларускай мовы — нядаўна выдадзеная ў «Мастацкай літаратуры» кніга маіх перакладаў «Амфора» таму сведчанне. У зборніку ёсць вершы паэтаў самых розных часоў, эпох і народаў: ад антычнасці і Адраджэння, праз класікаў французскай, іспанскай, англійскай, нямецкай і многіх іншых літаратур, да нашай сучаснасці. Зразумела, адной з маіх задач было паказаць, што беларуская паэзія годна выглядае ў гэтым шэрагу. Але, шчыра кажучы, апошнія некалькі гадоў я больш сканцэнтраваны на перакладах паэтаў Паўночнага Каўказа, дзе маё ўменне перакладчыка ацэнена дастаткова высока. У мяне ўжо восем перакладзеных зборнікаў такіх аўтараў, як Магамед Ахмедаў, Сувайнат Кюрабекава-Ісрафілава, Рагім Рахман, Эльбюрус Скадтаеў. Большасць з іх маюць высокае званне народных паэтаў. Перакладаў і самога Расула Гамзатава, да творчасці якога доўга асцерагаўся дакранацца: занадта вялікім ён мне здаваўся. Але напярэдадні стогадовага юбілею класіка мне нечакана патэлефанавала яго дачка Саліхат Расулаўна і папрасіла перакласці паэму бацькі «Пацімат», прысвечаную памяці яго жонкі, якая ўсё яшчэ заставалася ў рукапісе. Рэч выключнай сілы і трагічнасці. Заадно пацікавілася, колькі будзе каштаваць такая праца. Ад аплаты я адмовіўся — для мяне перакласці такі твор — вялікі гонар. Не спаў некалькі начэй, але працу завяршыў. І паэму хутка змясціла «Литературная газета» ў Маскве, потым яна ўвайшла ў юбілейны дзесяцітомнік класіка і чарговы выпуск штогодніка «Дзень паэзіі». 

Што скажаце аб тых, хто падчас перакладу з іншых моў звяртаецца да падрадкоўніка? 

— З падрадкоўнікам па-сапраўднаму ўмеюць працаваць толькі майстры перакладу. Таму што адна справа — перакладаць з рускай на беларускую ці ўкраінскую і наадварот: мовы роднасныя і можна нават запатрабаваць ад перакладчыка не толькі безумоўнага захавання сказанага аўтарам, але нават і таго, каб, скажам, у другім радку перакладу было прыкладна тое ж, што і ў тым жа радку арыгінала. І зусім іншае — перакладаць з моў, далёкіх ад рускай ці беларускай. У тых жа мовах Дагестана, а іх толькі афіцыйных, дзяржаўных, чатырнаццаць, і ёсць яшчэ дзясяткі іншых моў мясцовых малых народаў, няма рыфмы ўвогуле. Выключэнне складае хіба што лезгінская, магчымасці якой дазваляюць часам пісаць у рыфму. Плюс яшчэ каласальныя рэлігійныя і духоўна-маральныя адрозненні... Каб перакладаць каўказскіх паэтаў, трэба зразумець і іх рэлігійныя погляды, і асаблівае стаўленне да жанчыны, і шмат чаго яшчэ... Перакананы, што без работы з падрадкоўнікамі ніхто б не здолеў зрабіць паэзію таго ж Каўказа вядомай усяму свету. На жаль, некаторыя людзі, якія называюць сябе перакладчыкамі, нават не спрабуюць працаваць з падрадкоўнікамі, задавальняючыся тым, што бяруць кімсьці перакладзеныя на рускую мову вершы і «перакладаюць» ужо гэтыя тэксты. На самай справе яны не перакладчыкі, а злосныя парушальнікі аўтарскага права — праца кожнага перакладчыка ахоўваецца законам, і, калі парушэнне заўважаць, могуць быць вялікія штрафы... Проста да гэтага пакуль у нас не даходзіла, таму некаторыя і сваволяць... 

— Шмат хаосу пры перакладзе з рускай на беларускую стварае гугл-перакладчык. А сёння выхваляюцца, што штучны інтэлект можа напісаць твор замест пісьменніка... Але калі ён не спраўляецца з банальным перакладам, пра якое пісьменніцтва ад ШІ можа ісці гаворка? 

— Перакладаць паэзію, як і пісаць вершы, захоўваючы пры гэтым душэўны надрыў і глыбіню перажыванняў, ніякі ШІ ніколі не зможа — гэта ўсё ж праграма, а не чалавек з яго жывымі эмоцыямі. Але асабліва шарахацца ад тэхнічных навінак таксама недарэчна. Некалі пры перакладзе пісьма з гліняных таблічак на папірус камусьці таксама магло здацца, што нешта страчваецца... Потым з папіруса перайшлі на паперу, і гэта таксама магло выклікаць у некаторых пачуццё збянтэжанасці. Цяпер у жыцці практычна кожнага чалавека з’явіўся камп’ютар, які, праўда, пазбавіў нас усіх почырку — усе цяпер пішуць чатырнаццатым кегелем, і па напісанні літар ужо не пазнаць характар аўтара, затое, пагадзіцеся, электронная пошта непараўнальна зручнейшая за звычайную, ды і набор, і праўка тэксту не патрабуюць бясконцых перадруковак... 

— З кім з беларускіх пісьменнікаў найбольш сябруеце? Хто вам блізкі з расійскіх калег? 

— Шмат гадоў сябрую з Міхасём Пазняковым, Алесем Марціновічам, сябраваў з Ганадам Чарказянам і, асабліва, з Міколам Шабовічам... А ў Расіі ў мяне сярод паэтаў шмат сапраўдных сяброў, не буду пералічваць: кагосьці не назавеш — могуць справядліва пакрыўдзіцца. 

— Ці можна назваць паэта псіхолагам? Чаму? 

— Паэт у першую чаргу і ёсць псіхолаг. Калі яго вершы не драпаюць душу, не прымушаюць вас здрыгануцца — гэта не паэзія... 

Гутарыла Наталля СВЯТЛОВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю