Міжнародныя літаратурныя сувязі займаюць усё большую прастору ў творчым пісьменніцкім працэсе. Гэта выяўляецца ў многіх ініцыятывах сяброў Саюза пісьменнікаў Беларусі. Адпаведна гэтаму і ацэнка ў свеце.
Празаік, публіцыст Зоя Мікалаеўна Кулік, якая жыве і працуе ў Нясвіжы, на Міншчыне, узнагароджана Міжнародным саюзам пісьменнікаў Кірыла і Мефодзія ордэнам «Голуб міра». Пра гэта абвясціў на арганізаваным у Шумене (Балгарыя) літаратурным фестывалі «Славянскі запавет» старшыня міжнароднага творчага аб’яднання прафесар Івайла Пятроў. «Зоя Мікалаеўна — актыўны ўдзельнік нашых творчых праектаў, у тым ліку і штогадовага міжнароднага літаратурна-музычнага конкурса-фестываля „Славянскае слова“, шчыры прапагандыст нашых ініцыятыў сярод пісьменнікаў Беларусі і Расіі, — адзначыў прафесар Івайла Пятроў. — Мы ўдзячны за такую актыўную грамадскую і творчую працу! Лічым, што руплівасць падобнага характару спрыяе мірнаму суіснаванню розных народаў, развівае ролю мастацкага слова ў добрасуседстве і дружбе краін і народаў!»
Зоя Кулік — укладальнік міжнародных калектыўных зборнікаў паэзіі і прозы, арганізатар рэспубліканскіх і міжнародных літаратурна-музычных праектаў, фестываляў, кіраўнік літаратурнай гасцёўні «Кромань», якая працуе пры Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Нясвіж», аўтар некалькіх кніг. Пісьменніцца за працу ў галіне літаратуры і культуры адзначана міжнароднымі дыпломамі.
Мікола БЕРЛЕЖ