Чым парадуе сёлета традыцыйнае свята песні і паэзіі
9 чэрвеня стартуе юбілейны ХХV Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2026», які да суботы будзе радаваць удзельнікаў і гасцей насычанай праграмай, цікавымі сустрэчамі і адкрыццямі ў розных лакацыях горада. Маштабнае мерапрыемства, якое штогод збірае разам людзей, чые сэрцы яднае любоў да мастацтва, на працягу фестывальных дзён прапануе сваім удзельнікам і наведвальнікам зноў адчуць энергію свята, згадаць любімыя мелодыі і атрымаць асалоду ад беларускага слова.
Галасы і асобы эпохі
— 9 чэрвеня на цэнтральнай плошчы ўвечары адбудзецца адзін з нашых вялікіх праектаў «Звон струн і душы» — канцэрт беларускіх народных інструментаў. Калектыў з каледжа Агінскага задае старт нашаму форуму. Пачынаюцца таксама нашы праекты на прадпрыемствах горада і раёна — мы выязджаем з творчымі калектывамі непасрэдна на прадпрыемствы і ствараем для людзей фестывальны настрой, — расказвае дырэктар Палаца культуры г. Маладзечна Таццяна ЦЫГАЛКА. — Нас вельмі радуе, што за апошнія гады склалася такая тэндэнцыя: як толькі пачынаецца продаж білетаў на мерапрыемствы фестывалю, то практычна за некалькі дзён мы назіраем аншлаг.
Варта адзначыць, што сёлета форум адметны не толькі сваім юбілеем, але і шэрагам новых ініцыятыў, якія закліканы пашырыць яго культурны ўплыў і пазнаёміць з беларускім мастацтвам. Напрыклад, 12 чэрвеня ў рамках праекта «Асоба эпохі» публіку чакае сустрэча з Беларускім дзяржаўным ансамблем «Песняры» і расповед яго ўдзельнікаў пра іх музычны шлях. А ўвечары ў глядзельнай зале пройдзе канцэрт легендарнага ансамбля, прысвечаны 85-годдзю з дня нараджэння народнага артыста СССР Уладзіміра Мулявіна.
Днём раней, 11 чэрвеня, таксама ў глядзельнай зале Палаца культуры адбудзецца фінал ХІІ адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні «Маладзічок-2026». У ім за званне лепшага вакаліста і прыз імя Алега Елісеенкава будуць змагацца 17 удзельнікаў ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў з Беларусі і расійскага Чарапаўца.
Урачыстае адкрыццё фестывалю адбудзецца 12 чэрвеня на сцэне Амфітэатра. У канцэртнай праграме «Калі песня збірае сяброў» гледачоў чакае непаўторнае падарожжа па старонках гісторыі фестывалю. Там будзе паэзія нашых класікаў (Коласа, Купалы, Караткевіча), музыка кампазітараў, чые імёны і мелодыі добра знаёмыя публіцы, а таксама каляндар памяці, дзе знойдуць адлюстраванні знакавыя даты, прэм’еры, што адбыліся на сцэне фестывалю за 25 гадоў. Асобнай часткай вечара стане аповед пра людзей, чыя падтрымка, натхненне, сяброўства і нават першыя крокі стварылі непаўторную гісторыю гэтага свята. Пройдзе вечар у суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М. Я. Фінберга.
Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні і цырымонія закрыцця, дзе будзе агучана імя пераможцаў, запланавана на 13 чэрвеня. На Гала-канцэрце закрыцця «Прысвячэнне жанчыне» вядомыя беларускія выканаўцы, сярод якіх — Уладзімір Громаў, Юлія Быкава, Вікторыя Алешка, Жанет, Алена Ланская, Руслан Аляхно і многія іншыя, «намалююць» свае адметныя вобразы беларусак. Месца сустрэчы — Амфітэатр горада Маладзечна.
Яшчэ, як адзначыла Таццяна Цыгалка, сёлета акцэнт зроблены і на беларускую паэзію. Значна шырэй у праграме прадстаўлены паэтычныя мерапрыемствы — практычна штодзённа ў дні фестывалю будуць праходзіць сустрэчы з беларускімі літаратарамі.
— Ганарымся тым, што мы — адзіны фестываль са статусам «нацыянальны», — дзеліцца Таццяна Цыгалка. — Гэта накладае на нас асаблівую адказнасць і натхняе захоўваць нашы традыцыі, нашы беларускія песні і паэзію.
Алена ДРАПКО