Top.Mail.Ru

Беларуская моладзь працягвае выводзіць формулу адзінства

Шчыра і без шаблонаў


Маштабная рэспубліканская інфармацыйна-асветніцкая акцыя «Беларусь адзіная» працягвае крочыць па краіне. Учора яна прайшла ў двух каледжах Гродзеншчыны і двух каледжах Міншчыны. Нагадаем, сёлета форум цалкам змяніў фармат камунікацыі — арганізатары вырашылі адмовіцца ад звыклых лекцый і прамоў з трыбун. Усе сустрэчы праходзяць па прынцыпе «моладзь — моладзі», што ператварыла афіцыйныя мерапрыемствы ў жывы, нефармальны і максімальна шчыры дыялог. Акрамя іншых актуальных пытанняў, у цэнтры ўвагі — тэма Дня народнага адзінства, сугучная назве самой акцыі.

«Цяпер мы адзіныя і моцныя!»

На Гродзеншчыне першым пунктам чацвярговага маршруту стаў Слонімскі дзяржаўны каледж. Навучэнцы разам са спікерамі шукалі адказы на складаныя гістарычныя і сучасныя пытанні.

Сапраўдны водгук у зале выклікаў наглядны інтэрактыў з яблыкам. Разрэзаны напалам фрукт стаў моцнай метафарай мінулага падзелу нашай краіны, а цэлы — сімвалам уз’яднання і маналітнасці сучаснага беларускага грамадства.

— Нам хацелася данесці, што сёння мы зноў разам, а разам мы — сіла, разам мы — адзіная, моцная і незалежная Беларусь! І гэты пасыл павінен перадавацца далей, новаму пакаленню беларусаў, якія будуць жыць і рабіць усё магчымае для далейшага росквіту нашай маладой дзяржавы, — упэўнены студэнт другога курса Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, член грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Арцемій МАЗУРА.

Вельмі карысным назваў дыялог, які адбыўся, навучэнец Слонімскага дзяржаўнага каледжа Максім Сас:

— Я вельмі рады, што не застаўся ў баку ад такой важнай сустрэчы, атрымаў шмат карыснай інфармацыі. Упэўнены, што не кожны жадае ўспамінаць чорныя старонкі гісторыі, але часам гэта вельмі важна зрабіць. І Дзень народнага адзінства — якраз той выпадак, калі людзям нагадваюць аб некаторых важных датах. Спікеры расказалі, як у 1921 годзе нашу зямлю проста падзялілі, як гэты яблык, на дзве паловы. У выніку Рыжскай мірнай дамовы 113 тысяч квадратных кіламетраў нашых земляў і 4 мільёны беларусаў сталі часткай Польшчы. Жыццё звычайных людзей, такіх жа маладых, як я цяпер, змянілася кардынальна, і наступныя 18 гадоў сталі барацьбой за выжыванне. Мяне гэта вельмі зачапіла. А цяпер мы адзіныя і моцныя!

«Мы розныя, але мы адзіныя»

Далей эстафету адзінства пераняў Жыровіцкі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж, дзе сустрэча працягнулася ў фармаце захапляльнай гістарычнай віктарыны. Навучэнцы паказалі бліскучыя веды мінулага сваёй Радзімы, а самыя актыўныя атрымалі памятныя сувеніры.

Тат таксама маладыя спікеры адразу прапанавалі размаўляць сумленна і адкрыта на самыя надзённыя тэмы, абапіраючыся на гістарычны вопыт мінулых пакаленняў. Атрымалася эмацыянальна і пазнавальна.

Як прызналася выкладчыца Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Ірына МАЛЮК, ёй упершыню выпала выступаць мадэратарам акцыі:

— Для мяне гэта неверагодна вялікі вопыт! Найперш адчуваю адказнасць за тое, каб маладыя людзі, з якімі мы сустракаемся, пасля дыялогу змаглі б адчуць адзінства нашай краіны. Са сваім калегам Арцеміем рыхтаваліся разам, шукалі рычагі ўзаемадзеяння з моладдзю, рабілі стаўку на жывы водгук. Гаворачы пра Беларусь, найперш нагадваем, што гэта наш дом, наша зямля, за якую змагаліся продкі. Але гэта яшчэ і вялізная адказнасць за будучыню. Мне вельмі хочацца, каб будучыя пакаленні таксама маглі з гонарам сказаць: «Так, мы розныя, але мы адзіныя». Гэта наша зямля, наша Беларусь. Спадзяюся, што кожны з маладых людзей панясе пасля сустрэчы адну простую думку, якую мы так імкнуліся данесці: адзінства краіны пачынаецца з адзінства народа, а значыць — з кожнага з нас.

Навучэнец Жыровіцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа Максім ШТЭНБЕРНГ — будучы электрык, але ён даўно і сур’ёзна захапляецца гісторыяй краіны і свету:

— Падзеі, знаёмыя нам са школы, маюць сёння асаблівую значнасць не толькі ў кантэксце мінулага, але і будучыні для кожнага з нас. Кожны грамадзянін нашай суверэннай дзяржавы не можа і не павінен забываць, якім коштам даліся нам гэтая воля і шчасце жыць пад адзіным небам, на адзінай тэрыторыі. У цэлым мне спадабаўся жывы дыялог з элементамі інтэрактыву. Тут можна адкрыта выказаць сваё меркаванне і свабодна пагутарыць, даведацца нешта новае. Для мяне слова «адзінства» азначае цэласнасць беларусаў, сям’і, групы. Разам мы здольныя дасягнуць шмат чаго, а па асобнасці гэта будзе зрабіць значна складаней.

Навучэнец каледжа Раман ЛІТВІНСКІ параўнаў сустрэчу з разгадваннем кода народнага адзінства:

— Мы разумеем, што ў нас ёсць гістарычны бэкграўнд, і ў нашых сілах перанесці гэты досвед на сённяшні дзень. Калі мы разам будзем працаваць кожны на сваім месцы, то ў будучыні гэта дазволіць Беларусі станавіцца яшчэ мацнейшай, згуртаванай і адзінай.

У адказнасці за краіну

А на Міншчыне з навучэнцамі Слуцкага і Любанскага каледжаў у гэты дзень размаўлялі такія ж маладыя жыхары краіны — член маладзёжна-аналітычнай групы РГА «Белая Русь» Уладзіслава ШАЦІЛА і член РГА «Патрыёты Беларусі» Кацярына ЮХНЭЛЬ.

— Мы даведаліся пра гістарычныя падзеі, якія прывялі да балючага падзелу Беларусі, пра тое, як цяжка прыйшлося нашым продкам. Калі чуеш такія факты, пачынаеш інакш глядзець на сэнс адзінства, — пераканана навучэнка Слуцкага індустрыяльнага каледжа Паліна ХАЦЬКО.

Другакурснік гэтага ж каледжа Давід КАНДРАЦЕНЯ вучыцца на трактарыста і з дзяцінства ведае, чаго каштуе праца на зямлі і як важны яго плён:

— Я толькі пачынаю будаваць сваё жыццё, і выдатна, што гэты старт — у такой крутой краіне, як Беларусь. Для моладзі створаны ўсе ўмовы: працуй, расці, развівайся. У кожнага будзе свой шлях, але ў выніку мы ўсе будзем працаваць дзеля таго, каб краіна рухалася наперад. Усведамляць, што твой асабісты поспех — частка чагосьці большага, частка будучыні ўсёй краіны, дарагога варта. Мяркую, у гэтым і ёсць сэнс адзінства.

Пасля гістарычнай часткі аўдыторыю запрасілі праверыць сябе ў квізе, самыя актыўныя ўдзельнікі якога пайшлі з прызамі. Атрымаў яго і другакурснік Любанскага дзяржаўнага каледжа Глеб КАРАТЧЭНЯ:

— Мне вельмі спадабалася атмасфера: усё прайшло жыва і на пазітыве. Спікеры размаўлялі проста, шмат жартавалі, ніякай дыстанцыі не адчувалася. Выдатна, што гэта быў менавіта дыялог: можна было падняць руку, выказаць сваё меркаванне — і цябе рэальна слухалі, тваё меркаванне было цікава.

Веды гісторыі, пачуццё локця, разуменне сваёй адказнасці за краіну — вось ураджай, які ўзыдзе заўтра, упэўнены арганізатары акцыі.

Паводле нашых карэспандэнтаў і БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю