Калі паглядзець у галіновым разрэзе, то спіс лідараў застаўся ранейшым. Ключавы рост быў забяспечаны ў першым паўгоддзі наступнымі сферамі дзейнасці: інфармацыя і сувязь (дынаміка 105,6 %), транспарт (104 %), сельская гаспадарка (104,1 %), рознічны гандаль (107,1 %). Высокімі тэмпамі рос і экспарт паслуг: у студзені — маі ён павялічыўся на 25,3 %. Ключавы рост паказалі транспарт, турызм і інфармацыйна-камунікацыйныя паслугі.

Вельмі пазітыўна, што практычна ўсе галіны альбо ўжо выйшлі з чырвонай зоны, альбо ўшчыльную наблізіліся да парога станоўчай дынамікі. Практычна са стапрацэнтным вынікам закончыла паўгоддзе прамысловасць (дынаміка 99,3 %). Можна сцвярджаць, што зыходзячы з існуючых рэалій выбудаваліся новыя схемы транспартнай і фінансавай лагістыкі, прадпрыемствы скарэкціравалі вытворчую праграму пад попыт на знешніх рынках, умацоўваецца ўзаемадзеянне з краінамі знешняй дугі. Таксама пазітыўна адбілася на росце і аб’ёмаў вытворчасці, і экспартных патокаў добрая кан’юнктура на сусветным рынку ўгнаенняў і нафтахімічных прадуктаў. Беларускія кампаніі змаглі аператыўна адрэагаваць на павышаны попыт і выкарыстаць свой патэнцыял. Паказалі рост фармацэўтычная галіна і харчовая прамысловасць, павялічыўся аб’ём выпуску транспартных сродкаў і электраабсталявання.
У дадатную зону ў першым паўгоддзі выйшаў такі важны для эканомікі паказчык, як прадукцыйнасць працы. Рост пакуль вельмі сціплы — усяго 0,6 %. Аднак ён дазваляе сцвярджаць, што праблемай эфектыўнасці выкарыстання працоўных рэсурсаў кампаніі заняліся сур’ёзна — як аптымізуючы выдаткі, так і больш кампактна выбудоўваючы бізнес-працэсы. Безумоўна, на прадукцыйнасці пазітыўна адбілася і павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці ў рэальным сектары.На пазітыўны трэк выйшлі і інвестыцыі. У пачатку года яны цягнулі эканоміку ўніз, але ў першым паўгоддзі тэмп росту ў асноўны капітал склаў 104,1 %. Прычым у чэрвені ў параўнанні з маем гэты паказчык вырас на 11,2 %. Прыемна, што згаданы рост якасны. Укладанні ў набыццё машын і абсталявання ідуць апераджальнымі тэмпамі. У першым паўгоддзі тэмп росту інвестыцый у актыўныя фонды склаў 109,4 %. Пры гэтым у чэрвені ў параўнанні з маем гэты паказчык вырас на 24,1 %. Гэта сведчыць аб выхадзе беларускіх кампаній на трэк мадэрнізацыі, што вельмі неабходна як для эканамічнага росту, так і для павышэння бяспекі нацыянальнай эканомікі.

Увод у эксплуатацыю жылля ў першым паўгоддзі знізіўся на 11,6 %. Гэты вынік таксама нельга назваць трывожным.
У сілу ўмоў надвор’я будаўнічыя работы значна праселі ў пачатку года, таму будаўнічая галіна яшчэ не выйшла на мэтавы паказчык, але нарошчвае ўпушчанае. У першым паўгоддзі, у параўнанні са студзенем — маем гэтага года, дынаміка ўводу ў эксплуатацыю жылля павысілася амаль на 8 працэнтных пунктаў. Таму па выніках 2026-га будаўнічая індустрыя таксама павінна выйсці на прагнозныя паказчыкі.
.jpg)
Пазітыўныя трэнды ў прамысловасці і сферы паслуг адбіліся станоўча на экспарце, які за першае паўгоддзе вырас на 14,6 %. Імпарт павялічыўся за той жа перыяд на 12,5 %, пры гэтым у маі ён нават знізіўся на 4 % у параўнанні з красавіком. У выніку ў маі знешнегандлёвае сальда склалася дадатнае — 158,1 мільёна долараў. Таму з боку знешнеэканамічнай дзейнасці ціск на курс нацыянальнай валюты адсутнічае.
У поўнай меры захавалася сацыяльная скіраванасць эканомікі. У першым паўгоддзі дынаміка рэальных наяўных даходаў насельніцтва склала 107,9 %, рэальнай заработнай платы — 107,1 %. Намінальная сярэдняя заработная плата ў маі перавысіла 3 тысячы рублёў. Пры гэтым чысты прыбытак прадпрыемстваў у першым паўгоддзі таксама вырас — на 7,2 %. Вельмі важны паказчык, бо захоўваецца фінансавая база для далейшай інвестыцыйнай актыўнасці. Адпаведна, і для далейшага дынамічнага колькаснага і якаснага росту эканомікі.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ