Санкцыі, уведзеныя ў 2021 годзе супраць нацыянальнага авіяперавозчыка і ў цэлым грамадзянскай авіяцыі Беларусі, вынікаў, якіх чакалі ў недружалюбных краінах, не прынеслі. Для прадпрыемстваў галіны гэта быў нялёгкі час, але ён даў старт пошуку і развіццю новых напрамкаў, новага супрацоўніцтва і яркіх падзей, што паслужылі імпульсам для далейшага развіцця нашай грамадзянскай авіяцыі.
У снежні мінулага года Беларуская дзяржаўная акадэмія авіяцыі ўпершыню ў гісторыі краіны выпусціла курсантаў-пілотаў грамадзянскай авіяцыі, у ліку якіх была і адзіная дзяўчына.
У чэрвені 2025 года з Мінска, са 177 пасажырамі на борце, вылецеў і паспяхова прызямліўся ў міжнародным аэрапорце Стамбула самалёт Aіrbus A330-200. Увечары таго ж дня борт даставіў у Мінск ужо 190 пасажыраў. Гэты першы рэйс паветранага пасажырскага «цяжкавоза» адкрыў цэлую вяху ў развіцці камфортных бесперасадачных палётаў на далёкія адлегласці — да 12 000 кіламетраў. З Беларусі адкрыліся прамыя рэйсы ў Паўднёва-Усходнюю Азію, пашырылася маршрутная сетка і павысіліся аб’ёмы перавозак.
Улічваючы гэты станоўчы вопыт, дырэктар Дэпарта-мента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь Ігар ГОЛУБ падкрэсліў, што далейшае павелічэнне парка паветраных суднаў будзе прыярытэтам на наступны год.
— І выдаткі, і намаганні хутка акупяцца, — сказаў ён. — І пойдуць на рост рынку авіяперавозак, яго даступнасць для беларусаў, развіццё маршрутаў і эканамічную эфектыўнасць кампаній.
Вызначыў кіраўнік Дэпартамента па авіяцыі і ключавыя напрамкі развіцця галіны паветранага транспарту — гэта рэгулярныя і чартарныя рэйсы, мадэрнізацыя аэрадромаў і навігацыі, паляпшэнне сэрвісу для пасажыраў і грузаў.
Новыя гарызонты
Не спыняецца работа і па пашырэнні нарматыўнай прававой базы, а таксама павелічэнні колькасці пагадненняў аб паветраных зносінах з замежнымі дзяржавамі.
У сферы міжнароднай дзейнасці рэалізаваны шырокі спектр ініцыятыў. На працягу 2025 года Дэпартамент па авіяцыі браў удзел у перагаворах з авіяцыйнымі ўладамі Казахстана, ААЭ, Кітая, Туркменістана, Ізраіля, Амана, Іарданіі, В’етнама, Ірана, Зімбабве, Сейшэльскіх астравоў, Кувейта, іншых краін, дзе абмяркоўваліся актуальныя пытанні развіцця грамадзянскай авіяцыі.
— У гэтым годзе вядзём работу па заключэнні пагадненняў аб паветраных зносінах з Каралеўствам Тайланд, Дэмакратычнай Сацыялістычнай Рэспублікай Шры-Ланка і Іарданскім Хашыміцкім Каралеўствам, — канстатаваў Ігар Голуб. Цяпер на ўрадавым узроўні Беларусь і Кітайская Народная Рэспубліка працуюць над унясеннем змяненняў у Пагадненне аб паветраных зносінах паміж краінамі.

23 аэрапорты, 12 дзяржаў
Пасажыраабарот паветранага транспарту Беларусі ў 2025 годзе перавысіў узровень 2024 года і склаў 111,2 %. Вырас і аб’ём перавезеных пасажыраў — 108,4 % да ўзроўню 2024 года. Нацыянальны авіяперавозчык — авіякампанія «Белавія» на рэгулярнай аснове выконвала рэйсы з Нацыянальнага аэрапорта Мінск, а таксама з абласных аэрапортаў Гомель, Брэст і Магілёў у 23 аэрапорты 12 дзяржаў. Рэйсы на рэгулярнай аснове ў/з РУП «Нацыянальны аэрапорт Мінск» выконвалі 11 авіяперавозчыкаў.
Найважнейшая задача — бяспека людзей
Як бяспека палётаў паветраных судоў, так і авіяцыйная бяспека на аб’ектах грамадзянскай авіяцыі Рэспублікі Беларусь былі і застаюцца найбольш важнымі. У 2025 годзе, па словах дырэктара Дэпартамента па авіяцыі, яны былі забяспечаны ў поўным аб’ёме.
З гэтай жа мэтай — бяспекай палётаў — летась была створана і з 1 студзеня 2026-га пачала функцыянаваць аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма ўліку грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў.
Задача тая ж — рухацца наперад
Гаворачы аб перспектывах развіцця паветранага транспарту, Ігар Голуб яшчэ раз падкрэсліў, што асноўныя намаганні будуць накіраваны на пашырэнне рынку авіяперавозак, прыцягненне інвестыцый на павелічэнне парка паветраных судоў, абнаўленне аб’ектаў аэрадромнай і аэранавігацыйнай інфраструктуры. І, як агульны вынік, — павышэнне якасці абслугоўвання пасажыраў і грузаў.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД