Беларуская спартсменка Юлія Вітко выйграла залаты медаль на чэмпіянаце Еўропы па тхэквандо 2026 года ў нямецкім Мюнхене, паведамляе БелТА.
Наша спартсменка атрымала перамогу ў вагавой катэгорыі да 57 кілаграмаў. На старце спаборніцтваў Вітко прайшла Маркелу Тэгеры з Кіпра, у чвэрцьфінале адолела ўкраінку Дар’ю Касцяневіч, а ў паўфінале была мацнейшай за Хатыдж Ільгюн з Турцыі. У вырашальным баі беларуска ў двух раундах перамагла чэмпіёнку Еўропы-2024 Ніку Карабаціч з Харватыі. Год таму Юлія ўзяла серабро кантынентальнага форуму.
Таксама сёння ў Германіі выступалі нашы Максім Бандарэвіч (да 63 кг) і Данііл Юркоў (да 87 кг), якія спыніліся на стадыі 1/8 фіналу. Пасля трох дзён чэмпіянату Еўропы ў актыве беларускай каманды чатыры медалі (3-0-1). Раней поспех у Мюнхене святкавалі Георгій Гурцыеў (да 58 кг) і Раман Туравінаў (да 80 кг), а Арцём Плоніс (звыш 87 кг) заняў трэцяе месца.
На леташнім ЧЕ ў Швейцарыі нашы тхэквандысты здабылі адно золата, адно серабро і дзве бронзы. У заключны дзень спаборніцтваў 14 мая паядынкі на турніры правядуць чацвёра прадстаўнікоў Беларусі.