Я заўсёды думаю, ці будуць праз 50–100 гадоў адзначаць Перамогу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Столькі накіпу ў свеце вакол гэтай тэмы. Ці вырасцім, ці выхаваем мы пакаленне, здольнае ацаніць подзвіг прадзедаў.
Мы ведаем пра жаданне і дзеянні асобных краін і палітыкаў змяніць грамадскае меркаванне аб прычынах Другой сусветнай вайны, прынізіць, сказіць ролю Савецкага Саюза ў дасягненні Перамогі. А ці не садзейнічаем гэтаму, калі не гаворым пра Перамогу як адзіны комплекс моцы і духу, замоўчваем ролю асобы. Мы перамаглі дзякуючы інтэрнацыянальнай дружбе, подзвігам канкрэтных людзей, палітычнай рабоце па патрыятычным выхаванні насельніцтва да і падчас вайны. Таму я так высока цаню работу пошукавікоў, школьнікаў-даследчыкаў Кабардзіна-Балкарыі, якія аднаўляюць імёны герояў Вялікай Айчыннай вайны. Дзякуючы ім не забыты ўраджэнцы Беларусі, якія загінулі пры абароне Кабардзіна-Балкарыі ў 1942 годзе.
Былі адноўлены падрабязнасці падзення самалёта і імя лётчыка Абрама Раговіна, які ў 1922-м нарадзіўся ў Мінску. Яго баявы шлях не адзначаны ордэнамі і медалямі. У данясеннях аб стратах, на сайце базы даных «Мемарыял» і аўтаматызаваным банку даных «Кніга Памяці Рэспублікі Беларусь» ён лічыцца сярод тых, хто прапаў без вестак. Але сёння ён не з’яўляецца невядомым героем. 16 жніўня 1942 года сяржант Раговін быў збіты ў паветраным баі над станіцай Аляксандраўскай, выскачыў з парашутам, але фашысцкі сцярвятнік расстраляў пілота ў паветры. Напамін пра тыя падзеі — мемарыяльная дошка ў скверы станіцы Аляксандраўскай, Майскага раёна Кабардзіна-Балкарыі. Дзякуючы звароту пошукаўцаў Ахмеда Нахушаева і Уладзіміра Арсаева ў 2019 годзе ва ўпраўленне па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войн Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і прадстаўленым дакументам у базе даных «Кніга памяці Рэспублікі Беларусь» вернута яшчэ адно імя.
У зводках Саўінфармбюро не ўзгадвалася ні сяленне Кызбурун-1, ні вышыня 910 у Кабардзіна-Балкарыі, але сёння памятаюць імёны байцоў, якія тут змагаліся, прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў. Сярод іх — і камандзір 7-й стралковай роты 535-га палка Мікалай Дворак —
23-гадовы беларус з вёскі Дабрынь (Гомельшчына). Баі тут часта пераходзілі ў рукапашныя схваткі, змагаліся за кожны метр зямлі. У жніўні 1942 года лейтэнант Дворак камандзірам палка быў прадстаўлены да ўзнагароджання ордэнам «Айчыннай вайны 1 ступені», камандуючы 37 Арміі, генерад-маёр Казлоў палічыў, што подзвіг камандзіра роты заслугоўвае больш высокай узнагароды — ордэна Леніна (пасмяротна).
Ураджэнец Шклоўскага раёна Аляксандар Цыганкоў за подзвіг ў баі каля гары Хорахора ўзнагароджаны медалём «За адвагу». Такую ж узнагароду атрымаў беларус Пётр Прымака, які ў жніўні 1942 года ў сяле Кішпек узяў у палон 16 фашыстаў. Памятаем мы і героя каўдывізіі — беларуса Аляксандра Шалешку.
У баі з фашыстамі, якія ірваліся да грозненскай і юакінскай нафты, за Ніжні Курп, быў паранены беларус Ігнат Радзеўскі. Калі загінуў разлік гарматы, лейтэнант працягваў бой, знішчыў галоўны танк праціўніка, пасля яшчэ адзін. За подзвіг быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
Для нас, ураджэнцаў Беларусі, якія сёння жывуць у Кабардзіна-Балкарыі, важны кожны ўдзельнік Вялікай Айчыннай. Як беларусаў, якія абаранялі Каўказ, так і ўраджэнцаў Кабардзіна-Балкарскай Рэспублікі, якія вызвалялі Беларусь у 1944 годзе.
Адзін з сімвалаў памяці пра абаронцаў Каўказа — брацкая магіла на тэрыторыі гарадскога парка ў Нальчыку. Мяркуючы па надпісе і дакументах, тут разам з іншымі байцамі пахаваны і малодшы сяржант Сяргей Вігура, які загінуў у баі ў жніўні 1942 года . Яго імя ёсць і на абеліску ў сяле Атажукіна. І такіх выпадкаў нямала. За 80 апошніх гадоў мы ўсё яшчэ працягваем шукаць праўду пра тое, дзе абарваліся жыцці людзей. Ці трэба гаварыць, што разбірацца з улікам тых, хто загінуў, выпраўляць памылкі — не менш важна, чым устаноўка новых помнікаў.
Ужо не першы год пошукавай работай у Кабардзіна-Балкарыі займаецца сям’я Нахушавых. Імі было выяўлена інфармацыя пра больш за 500 не атрыманых воінамі ўзнагарод. Толькі за мінулы год дзякуючы іх намаганням нашчадкам герояў перададзена 135 дакументаў аб узнагародзе. У пошукавай базе «Зоркі Перамогі» Нахушавы знайшлі інфармацыю і пра ўраджэнца Гомельшчыны — Фёдара Бібіка. Герой не атрымаў ордэн Славы, якім быў узнагароджаны пасмяротна. Яго дачку ўдалося адшукаць ў Калінкавічах, ёй і былі перададзены дакументы на ўзнагароду. Пошукавая праца працягваецца...
Павел Сідарук, старшыня Савета Кабардзіна-Балкарскага грамадскага руху «За яднанне «Сябры»,
Нальчык, Расія.