З моманту вываду савецкіх войскаў з Афганістана мінула ўжо 36 гадоў. Вырасла фактычна два пакаленні, якія пра тую вайну ведаюць толькі па фільмах ды кнігах. Але ж ветэраны-«афганцы» і сёння ў страі, актыўна ўдзельнічаюць у патрыятычным выхаванні моладзі. Пра гэта і не толькі ішла размова на прэс-канферэнцыі «Увекавечванне і захаванне памяці аб подзвігах воінаў-інтэрнацыяналістаў: дыялог пакаленняў».
Ветэранаў-«афганцаў» часта запрашаюць на дыялогавыя пляцоўкі, прапаноўваюць стаць кіраўнікамі па ваенна-патрыятычным выхаванні ці проста просяць расказаць хлопцам і дзяўчатам пра гады сваёй службы. Уладзімір Дзятчык, палкоўнік у адстаўцы, намеснік старшыні Рэспубліканскага савета грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз афіцэраў», адзначыў актыўны ўдзел навучэнцаў розных устаноў адукацыі ў дыялогу са старэйшым пакаленнем:
— Дзеці звычайна лёгка ідуць на кантакт, бо цяпер у інтэрнэце вельмі шмат рознай, часам супярэчлівай, інфармацыі. А праверыць і даведацца, як было насамрэч, можна толькі з вуснаў удзельнікаў тых ці іншых падзей. Таму так важна нам, «афганцам», воінам-інтэрнацыяналістам, зрабіць усё, каб наша гісторыя не была перапісана.
Даніну павагі і словы ўдзячнасці ўсім ветэранам выказаў Кірыл Лугвішчык — падпалкоўнік, старшы афіцэр упраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны. І падкрэсліў, што ўнёсак, які робяць воіны-інтэрнацыяналісты ў ваенна-патрыятычнае выхаванне моладзі, несувымерны ні з чым:
— Я з упэўненасцю магу сказаць: няма ніводнага мерапрыемства воінскай часці або яе злучэнняў, у якім бы не бралі ўдзел ветэраны вайны ў Афганістане. На сёння яны, па сутнасці, у гэтым пытанні прынялі эстафету ў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.
Важна не толькі гаварыць пра подзвігі, але і падтрымліваць тых, хто іх здзейсніў. Пра неабходнасць павагі да воінаў-інтэрнацыяналістаў расказаў старшыня савета грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Валерый Гайдукевіч. Ён таксама адзначыў, што ў нашай краіне людзям, якія са зброяй у руках абаранялі інтарэсы дзяржавы, удзяляецца асаблівая ўвага. Яшчэ ў мінулым годзе Прэзідэнт падпісаў Закон «Аб змяненні законаў па пытаннях ветэранаў», які прадугледжвае ўзмацненне сацыяльных гарантый, у тым ліку воінам-інтэрнацыяналістам і іх сем’ям:
— Тым не менш не ўсе кіраўнікі з належным разуменнем ставяцца да нашых ветэранаў. Часам даводзіцца сутыкацца з сітуацыямі, калі прадпрыемствы проста забываюцца пра гэту катэгорыю сваіх работнікаў, пра іх заслугі перад Радзімай і не выказваюць ім належнай павагі. І такія праблемы неабходна вырашаць, чым мы і займаемся.
У сваю чаргу Мікалай Арол, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, падкрэсліў:
— Беларусь высока цэніць патрыятызм і мужнасць воінаў-інтэрнацыяналістаў. Трэба сказаць, што ўсе ветэраны баявых дзеянняў маюць даволі высокі аб’ём пенсіённых ільгот. Гэта і надбаўкі да пенсій, і льготы пры будаўніцтве жылля і яго рэканструкцыі. Шэраг ільгот існуе ў працоўных адносінах і ў карыстанні грамадскім транспартам. Закон прадугледжвае таксама бясплатнае забеспячэнне лекамі, тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі, санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне і г. д. Такім чынам, мы можам гаварыць пра тое, што ветэраны Афганскай вайны фактычна маюць той жа аб’ём ільгот, што і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны.
Сёння захоўваць і перадаваць памяць пра падзеі і герояў мінулага важна і неабходна як ніколі. Таму гэтае мерапрыемства стала цудоўнай пляцоўкай для абмену думкамі і выпрацоўкі сумесных рашэнняў, у тым ліку па падтрымцы тых, хто аддаў свае сілы і жыццё за мір і бяспеку. Ушанаваць памяць загінулых у Афганістане неабыякавыя грамадзяне сталіцы змогуць сёння, 15 лютага, на ўрачыстым мітынгу на Востраве слёз.