Наша краіна займае 27-е месца са 172 краін у сусветным індэксе гендарнай няроўнасці. Пра гэта расказала міністр працы і сацабароны Наталля Паўлючэнка на пасяджэнні Нацыянальнага савета па гендарнай палітыцы.
Профільны міністр адзначыла, што наша краіна займае 27-е месца з 172 у індэксе гендарнай няроўнасці, 65-е месца з 193 — у індэксе чалавечага развіцця, амаль на 5% адзначаецца рост долі жанчын-прадпрымальнікаў і больш чым на 5% — рост долі жанчын-суддзяў.
Наталля Паўлючэнка нагадала, што бягучы год фінальны ў рэалізацыі пяцігадовых праграм і планаў.
— Мы завяршаем рэалізацыю шостага Нацыянальнага плана дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці ў Рэспубліцы Беларусь.
Яна адзначыла, што сумесныя намаганні, прынятыя меры па развіцці ўмоў для забеспячэння роўных правоў і магчымасцяў мужчын і жанчын (у рамках рэалізацыі Нацыянальнага плана, а таксама шэрагу дзяржаўных праграм) даюць свой вынік як унутры краіны, так і на міжнароднай арэне.
У прыватнасці, у заканадаўстве для бацькоў уведзены гарантыі для праходжання дыспансерызацыі і альтэрнатыва свабоднаму дню для бацькоў дзяцей-інвалідаў — скарачэнне працоўнага дня на 1 гадзіну. Для бацькоў павялічаны працоўныя гарантыі, уключаючы 14-дзённы адпачынак пры нараджэнні дзіцяці. Для здароўя дзяўчынак уведзена прышчэпка ад ВПЧ у нацкаляндар. У 2024 годзе створаны рэестр уліку фактаў хатняга гвалту.
Праект Нацыянальнага плана дзеянняў на наступны перыяд распрацаваны і ўзгоднены. У ім улічаны рэкамендацыі Камітэта ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын. Уведзена 7 мэтавых індыкатараў для маніторынгу рэалізацыі пунктаў плана.
На пасяджэнні прадстаўлены вынікі даследаванняў Белстата.
Хто працуе больш: мужчыны ці жанчыны? На гэтае пытанне адказаў намеснік старшыні Белстата Аляксей Яркавец, які адзначыў, што кожны дзень працуючыя жанчыны ў працаздольным узросце трацяць на хатнія справы і клопат пра блізкіх у сярэднім 3 гадзіны 40 хвілін, а мужчыны — 2 гадзіны 19 хвілін.
— Агульная працоўная нагрузка, якая складаецца з працягласці аплачванай працы і выдаткаў часу на неаплатную працу па вядзенні хатняй гаспадаркі і догляду членаў сям’і выглядае наступным чынам: у сярэднім па рэспубліцы працуючыя жанчыны працаздольнага ўзросту працуюць амаль 71 гадзіну на тыдзень або 10 гадзін 6 хвілін у сярэднім за дзень тыдня, а працуючыя мужчыны — амаль на 6 гадзін на тыдзень менш (64 гадзіны 52 хвіліны), — паведаміў Аляксей Яркавец. Пры гэтым ён удакладніў, што суадносіны аплачванай і неаплачванай працы ў працуючых жанчын складае 64 % (аплачваная праца) і 36 % (неаплачваная праца), у працуючых мужчын — 75 % і 25 % адпаведна.
Таксама ў рамках пасяджэння намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення статыстыкі ўзроўню жыцця насельніцтва і абследаванняў хатніх гаспадарак Белстата Наталля Дзясятнікава прадставіла асноўныя вынікі выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак у мэтах ацэнкі стану здароўя і становішча жанчын у сям’і.