Top.Mail.Ru

Беларусь у 2024 годзе экспартавала 6 млн тон малака і малочных прадуктаў у 69 краін

За мінулы год беларускія малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы адгрузілі на экспарт 6 млн тон малака і малакапрадуктаў, пашырыўшы геаграфію паставак да 69 дзяржаў. На поспехах малочнай жывёлагадоўлі на знешнім контуры ў час форуму «Малочная ферма», што праходзіць цяпер у сталіцы, зрабіў акцэнт першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандр Ломскі, перадае БелТА.


Аб’ёмы вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі, якія па асноўных відах значна перавышаюць паказчыкі ў краінах постсавецкай прасторы і некаторых еўрапейскіх дзяржавах, даюць магчымасць Беларусі не толькі забяспечваць уласную харчовую бяспеку, але і штогод нарошчваць экспартны патэнцыял. Сёння рэспубліка захоўвае высокую пазіцыю ў сусветных рэйтынгах па экспарце малочнай прадукцыі.

Як было адзначана, у мінулым годзе краіна паставіла за мяжу 6 млн т малака і малочных прадуктаў, і тэмпы росту экспарту былі сфарміраваны на ўзроўні 111,5 працэнта ў натуральным і 117,8 працэнта ў вартасным выражэнні. Доля малочнай прадукцыі ў агульным аб’ёме экспарту прадуктаў харчавання ў 2024 годзе склала 40,3 працэнта. Пашыраецца і геаграфія паставак. Калі ў 2023 годзе айчынныя малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы адгружалі тавары ў 59 дзяржаў, то ў 2024-м — ужо ў 69. Свае рынкі для беларускай малочкі адкрылі Алжыр, Мексіка, Кувейт, Нігерыя, Кенія і не толькі. Першы намеснік міністра звярнуў увагу, што нараўне з асваеннем новых рынкаў вытворцы імкнуцца зрабіць больш разнастайным асартыментны пералік паставак і ў тыя краіны, дзе ўжо замацаваліся.

Праграму міжнароднага форуму «Малочная ферма» прадоўжыла ўзнагароджванне нагруднымі знакамі ўзнагароды і ганаровымі граматамі Мінсельгасхарча прадстаўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый і раёнаў рэспублікі, якія дасягнулі найвышэйшых паказчыкаў у вытворчасці.

«Форум лічу зручнай пляцоўкай для абмену вопытам вядучых спецыялістаў. Мы пачуем новыя прапановы і абазначым падыходы, якія дазваляюць радыкальным чынам палепшыць механізмы развіцця малочнай жывёлагадоўлі ў краіне», — сказаў на заканчэнне першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандр Ломскі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю