Парламенцкая дэлегацыя Рэспублікі Сербскай Босніі і Герцагавіны знаходзіцца з афіцыйным візітам у нашай краіне па запрашэнні Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі КАЧАНАВАЙ. Дамоўленасць аб візіце была дасягнута на палях чацвёртага Еўразійскага жаночага форуму, які ў верасні прайшоў у Санкт-Пецярбургу.
Рэспубліка Сербская Босніі і Герцагавіны — утварэнне ў складзе дзяржавы Босніі і Герцагавіны, якое, згодна з Дэйтанскімі пагадненнямі 1995 года, займае 49 % краіны. Размешчана ў цэнтральнай частцы Балканскага паўвострава. Фармальна Рэспубліка Сербская ўваходзіць у склад дзяржавы Босніі і Герцагавіны, аднак валодае атрыбутамі дзяржаўнай улады і суверэнітэту, у тым ліку мае ўласны ўрад.
«У нас ёсць вельмі шмат кропак судакранання»
Падчас сустрэчы з парламенцкай дэлегацыяй у Савеце Рэспублікі Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА выказала ўдзячнасць за прынятае запрашэнне прыехаць у Беларусь, каб абмеркаваць перспектывы далейшага супрацоўніцтва паміж парламентарыямі абедзвюх краін. «Нашы народы звязваюць добрыя і даўнія сяброўскія адносіны, якія грунтуюцца на гістарычных каранях, славянскім брацтве, славянскай культуры, — падкрэсліла спікер. — Нас аб’ядноўвае вельмі многае».
Наталля Качанава адзначыла, што ў апошнія гады супрацоўніцтва паміж краінамі стала больш актыўным. Сведчанне гэтаму — афіцыйны візіт Прэзідэнта Рэспублікі Сербскай Міларада Додзіка ў Беларусь у лютым мінулага года, падчас якога былі вызначаны кірункі двухбаковага супрацоўніцтва.
Спікер звярнула ўвагу на важнасць міжпарламенцкага ўзаемадзеяння і выказала ўпэўненасць, што гэты візіт надасць яму новы імпульс. «Супрацоўніцтва паміж парламентарыямі на сучасным этапе вельмі важнае, бо мы — тыя людзі, якія могуць і павінны гаварыць аб той палітыцы, якая праводзіцца ў нашай краіне і ў Рэспубліцы Сербскай», — лічыць Старшыня Савета Рэспублікі. Па яе словах, Беларусь праводзіць добразычлівую, міралюбівую палітыку ў адносінах да краін і народаў, якія накіраваны на канструктыўнае супрацоўніцтва з намі.
«Мы, парламентарыі, працуем не толькі ў заканатворчай дзейнасці, мы вельмі актыўна падключаны і працуем абсалютна па ўсіх кірунках, — праінфармавала спікер. — У гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве ў нас таксама ёсць пэўныя дасягненні: са снежня 2024 года мы сталі пастаўляць сельскагаспадарчую тэхніку ў Рэспубліку Сербскую. У нас ёсць добрыя вынікі супрацоўніцтва ў сістэме аховы здароўя. У эканоміцы ў нас ёсць вельмі шмат кропак судакранання, і мы гатовы да гэтага супрацоўніцтва». Старшыня Савета Рэспублікі паведаміла, што ідзе работа над міжурадавым мемарандумам, які вызначыць усе кірункі двухбаковага ўзаемадзеяння.
Кажучы аб міжпарламенцкай дзейнасці, Наталля Качанава ўказала на важнасць узаемадзеяння ў міжнародных арганізацыях і на міжнародных пляцоўках, падтрымцы адзін аднаго. «Мы ганарымся тым, што жывем у мірнай, спакойнай краіне, у адпаведнасці са сваімі традыцыямі і па сваіх законах, — падкрэсліла яна. — Ведаю, што вы выступаеце супраць санкцыйнага націску адносна Беларусі. Хто сёння мае права ціснуць на суверэнныя дзяржавы? Гэта антычалавечна, гэта тая палітыка, якая не павінна панаваць у свеце».
Рэзюмуючы, Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла, што наша краіна гатова да супрацоўніцтва з Рэспублікай Сербскай абсалютна па ўсіх кірунках. «Тое, што сёння трэба, і там, дзе можа дапамагчы Беларусь, мы гатовы да гэтага, — удакладніла яна. — Роўна так (і я ўпэўнена ў гэтым), мы заўсёды знойдзем падтрымку ў народа Рэспублікі Сербскай, бо мы вельмі ментальна падобныя».
«Вы робіце неверагодныя рэчы»
Старшыня Веча народаў Рэспублікі Сербскай Босніі і Герцагавіны Срэбранка ГОЛІЧ заўважыла, што дэлегацыі вельмі прыемна знаходзіцца ў гасцях у Беларусі. «Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць ваш народ з пераканаўчай перамогай Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі на выбарах, — сказала яна. — Выказваем удзячнасць Прэзідэнту Беларусі за тую падтрымку, якую ён аказвае па захаванні міру на тэрыторыі Босніі і Герцагавіны, у тым ліку Рэспублікі Сербскай».
У размове з журналістамі спікер паведаміла, што гэта яе другі візіт у нашу краіну і яна ўражана Беларуссю. «Візіт Прэзідэнта Рэспублікі Сербскай у Беларусь у лютым 2024 года меў якасныя вынікі, — адзначыла Срэбранка Голіч. — Рэалізаваны пастаўкі вашай сельгастэхнікі: мы закупілі трактары „Беларус“. Таксама мы ганарымся дасягнутым пагадненнем у галіне аховы здароўя, якое было падпісана раней. Устаноўлена ўзаемадзеянне з Цэнтрам транспланталогіі. Вы павінны ганарыцца тым узроўнем, які дасягнуты ў гэтай галіне, дасягненнямі, якія вы прасоўваеце. Вы робіце проста неверагодныя рэчы. Мы гатовы далей пашыраць гэта супрацоўніцтва».
«На міжнародных пляцоўках мы адстойваем інтарэсы Беларусі»
Сустракаючы замежную дэлегацыю ў Палаце прадстаўнікоў, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА адзначыў, што дэпутаты заўсёды рады гасцям, асабліва тым, каго па праве лічаць сваімі сябрамі. Спікер азнаёміў сербскіх парламентарыяў з дзейнасцю і структурай Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, прадэманстраваў высокім гасцям Авальную залу, дзе прымаюцца найважнейшыя заканадаўчыя рашэнні.
«За перыяд функцыянавання Палаты прадстаўнікоў створана дастаткова магутная заканадаўчая база, тым не менш у другім чытанні за гэты год прынята 65 законапраектаў, з іх прыкладна палова — гэта ратыфікацыі міжнародных дагавораў па шматлікіх кірунках, — праінфармаваў ён. — Пры распрацоўцы і карэкціроўцы заканадаўства мы сыходзім з рэальнага жыцця, рэальнай практыкі, што сёння запатрабавана грамадствам, дзяржавай, насельніцтвам. На працягу гэтага перыяду ўнесены змяненні ў заканадаўства, якое рэгламентуе пытанні адукацыйнай сферы, прадпрымальніцтва, крэдытавання, сацыяльнай абароны насельніцтва, ветэранаў, пытанні, якія датычацца сферы нацыянальнай бяспекі нашай краіны».
Найважнейшым кірункам работы дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, па словах Ігара Сергяенкі, з’яўляецца міжнародная дзейнасць. Ëн паведаміў, што для ажыццяўлення міжнароднай дзейнасці ў Нацыянальным сходзе сфарміравана дзесяць дэлегацый у парламенцкіх арганізацыях, дзейнічае пяць міжпарламенцкіх камісій і камітэтаў, у тым ліку высокага ўзроўню, створаны 42 краінавыя групы сяброўства па ўзаемадзеянні з парламентамі замежных дзяржаў.
«На міжнародных пляцоўках мы адстойваем інтарэсы Беларусі, павышаем ролю нашай краіны і парламенцкіх структур у вырашэнні шматлікага роду міжнародных пытанняў, — акцэнтаваў увагу Ігар Сергяенка. — У мінулым годзе мы атрымалі статус назіральніка ў Панаафрыканскім парламенце, уступілі ў якасці назіральніка ў Азіяцкую парламенцкую асамблею. Актыўна развіваем супрацоўніцтва ў рамках Парламенцкага сходу Расіі і Беларусі».
«Беражыце вашага Прэзідэнта»
У размове са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Срэбранка Голіч удакладніла, што менавіта наш Прэзідэнт даў падтрымку і гарантыю ў рэалізацыі Дэйтанскіх мірных пагадненняў, якія спынілі ваенныя дзеянні паміж народамі ў Рэспубліцы Сербскай. Спікер праінфармавала аб напружанай абстаноўцы ў Рэспубліцы Сербскай на цяперашні момант, ціску з боку заходніх краін на кіраўніцтва.
«Наш пасыл — беражыце вашага Прэзідэнта, працягвайце развіваць сваю краіну, рабіце яе прыгожай і больш моцнай для падрастаючых пакаленняў, таксама працягвайце развіваць яе эканамічна, каб падняць ВУП», — падкрэсліла Срэбранка Голіч.
Па словах старшыні Веча народаў Рэспублікі Сербскай Босніі і Герцагавіны, у цяперашні час ідзе прапрацоўка канкрэтных пагадненняў, якія б дазвалялі бакам супрацоўнічаць у галіне навуковых даследаванняў. «Што датычыцца медыцыны, мы ўжо падпісалі такое пагадненне, — заўважыла яна. — Спадзяёмся на пагадненне, якое дазволіць павысіць мабільнасць студэнтаў: гэта будуць студэнцкія абмены, магчымасць удзельнічаць у вучэбных праграмах».
Фота БелТА