Беларусь разлічвае на кратны рост гандлю з афрыканскімі Тога і Ганай па шэрагу кірункаў. Пра гэта заявіў журналістам міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў пасля дакладу Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку па выніках візітаў у краіны Афрыкі, перадае БелТА.
Кіраўнік МЗС падкрэсліў, што беларускі лідар надае пільную ўвагу развіццю супрацоўніцтва з Афрыкай і кажа, што Беларусь даўно павінна была туды прыйсці.
«Не скажу, што мы робім толькі першыя крокі (у Афрыцы. — Заўв. БелТА), але ў некаторых краінах — робім толькі першыя крокі. З гэтага пункту гледжання ў Гану і Тога былі першыя ў гісторыі дыпламатычных адносін візіты на ўзроўні міністра замежных спраў», — адзначыў ён.
Да цяперашняга часу прававая база з гэтымі краінамі фактычна адсутнічала, значных кантрактаў перш не было, а гандаль насіў кропкавы характар. «Сёння можна казаць, што мы намацалі пэўныя кірункі, магістральныя лініі ў рабоце з гэтымі дзяржавамі», — заявіў Максім Рыжанкоў.

Таксама ў чэрвені гэтага года плануецца візіт Прэзідэнта Ганы Джона Драмані Махамы ў Беларусь.
«У якасці сур’ёзнага кроку па выбудоўванні далейшых адносін мы атрымалі афіцыйны адказ ад Прэзідэнта Ганы аб гатоўнасці здзейсніць візіт у Беларусь. Ёсць канкрэтныя даты. Гэта будзе чэрвень», — праінфармаваў міністр.