Студзень аб’яўлены ў нашай краіне месяцам рэлігійнага турызму, і гэта сімвалічна: унікальныя святыя месцы і гістарычныя аб’екты, звязаныя з рэлігійным жыццём Беларусі, менавіта сёлета будуць адзначаць знакавыя юбілеі.
Так, 900-годдзе з дня свайго заснавання адсвяткуе сёлета Полацкі Спаса-Еўфрасіннеўскі жаночы манастыр, 800-годдзе — Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр, 100-годдзе — Пінская епархія. 555 гадоў споўніцца іконе Жыровіцкай Божай Маці, і 505 гадоў — самому Жыровіцкаму манастыру, адзначыў намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Сяргей Герасіменя. Таксама 125 гадоў спаўняецца ў надыйшоўшым 2025-ым Гродзенскай епархіі і 1020 гадоў — Тураўскай епархіі.
— Мы чакаем, што насычаным будзе не толькі месяц рэлігійнага турызму, але і ўвесь 2025 год, — падкрэсліў Сяргей Герасіменя.
У сувязі з гэтым Мінспорту разлічвае на супрацоўніцтва суб’ектаў розных відаў турызму — ад рэлігійных аб’ектаў да аграсядзіб і прадпрыемстваў грамадскага харчавання.
— Рэлігійны турызм — гэта ўзаемадзеянне паміж сабой усіх зацікаўленых бакоў, пачынаючы ад мясцовых органаў улады і заканчваючы лагістыкай і інфармацыйным забеспячэннем, — падкрэсліў намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. — У развіцці рэлігійнага турызму важную ролю адыгрывае стварэнне неабходнай інфраструктуры.
Святая беларуская зямля
А «глеба» для гэтага папулярнага сёння ў свеце напрамка турызму ў нашай краіне выключна выдатная, перакананыя спецыялісты. На працягу гісторыі Беларусь была месцам мірнага суседства розных канфесій і рэлігійных традыцый. У нашай краіне каля 1400 рэлігійных аб’ектаў па праве лічацца жамчужынамі папулярных турыстычных маршрутаў. Лідзіруюць па гэтым паказчыку Брэсцкая (каля 400 аб’ектаў), Гродзенская (460 аб’ектаў) і Мінская вобласці (123 аб’екты).
— Рэлігійны турызм развіваецца па двух напрамках, — адзначыла кансультант аддзела планавання і арганізацыі турыстычнай дзейнасці Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Дар’я Шыбека. — Гэта паломніцтва і экскурсіённа-пазнавальны турызм. І каля 85% ад усіх распрацаваных сёння турыстычных маршрутаў уключаюць у той ці іншай ступені аб’екты рэлігійныя. Гэта найбольш інтэграваны від турызму, які гарманічна спалучаецца і з гісторыка-культурным турызмам, і з турызмам падзейным.
У нашай краіне рэстаўрыруюцца і аднаўляюцца старадаўнія помнікі рэлігійнай культуры, распавёў Сяргей Герасіменя. Такімі ўнікальнымі культавымі аб’ектамі, якія маюць велізарную гісторыка-культурную каштоўнасць, беларуская зямля багатая, і ў асноўным гэтыя храмы — дзеючыя. З’яўляюцца і новыя рэлігійныя аб’екты, якія ўпрыгожваюць краіну і прыцягваюць паломнікаў розных рэлігій.
— Сёння ў Беларусі пабудаваны 2071 культавы аб’ект, яшчэ 184 будуецца. Нам важна «данесці» гэтыя аб’екты да спажыўца турыстычных паслуг. Толькі ў Мінску ў 2024 годзе можна назваць і Саборную мячэць, і храм Армянскай Апостальскай царквы, і ўсім вядомы Усіхсвяцкі храм, — пералічыў ён.
У мінулым годзе шэраг рэлігійных аб’ектаў быў уведзены ў гаспадарчы абарот, і ў бліжэйшы час яны будуць уключаны ў абарот турыстычны, адзначыла Дар’я Шыбека. Яскравы прыклад: у канцы 2024 года расчыніла дзверы Валожынская іешыва, адзначыла спецыяліст. Храм (а дакладней, вышэйшая талмудысцкая школа) прадугледжвае найцікавую музейную экспазіцыю, прастору для правядзення выстаў, канферэнцый і брыфінгаў, а таксама невялікую гасцініцу непасрэдна ў будынку. Гэта гатовы турыстычны аб’ект, які тураператары могуць далучаць у свае маршруты.
Адказы знайсці разам
У надыйшоўшым 2025 годзе турыстычная сфера нашай краіны працягвае традыцыю прысвячаць кожны месяц пэўнаму віду турызму, адзначыла Дар’я Шыбека. Але ў параўнанні з мінулым годам была праведзена ракіроўка: месяц рэлігійнага турызму «перамясцілі» з кастрычніка на студзень. Гэта звязана з вялікай колькасцю рэлігійных свят напачатку года, і, адпаведна, з фестывалямі, кірмашамі, відовішчамі. І, вядома, са святочнымі набажэнствамі, бо рэлігійны турызм — гэта перш за ўсё паломніцтва, мэта якога — дотык да духоўнай рэальнасці праз фізічнае, канкрэтнае месца. Гэтай мэце дапамогуць мерапрыемствы, што запланаваны на студзень — ад семінараў і круглых сталоў да тураў і экскурсій. У ліку самых папулярных рэлігійных аб’ектаў у паломнікаў (як, зрэшты, і проста ў турыстаў) — Сафійскі сабор у Полацку, Барыса-Глебская (Каложская) царква ў Гродне, старадаўнія храмы ў вёсцы Камаі (Пастаўскі раён), вёсцы Мураванка (Шчучынскі раён), вёсцы Сынкавічы (Зэльвенскі раён), драўляныя цэрквы Палесся.
— Храм-крэпасць у Сынкавічах — сапраўды ўнікальны, — падкрэсліў протаіерэй Арсеній Ананка, настаяцель храма Архангела Міхаіла.
— З ім звязана шмат загадак, на якія пакуль не знойдзены адказы. Магчыма, мы знойдзем іх дзякуючы рэлігійна-турыстычнай праграме. Людзі прыязджаюць у гэты храм з розных куткоў Зямлі, з многіх краін свету. Радуе, што ён сёння на слыху. Аўтобусы туды не ходзяць і трэба здзейсніць свайго роду подзвіг, каб дабрацца да яго. Але людзі знаходзяць дарогу.
За апошнія гады ў Свята-Елісавецінскім жаночым манастыры пабывалі турысты і паломнікі не толькі з суседняй Расіі, але і з Бельгіі, Ірландыі, Марока, Шры-Ланкі, Францыі, Нігерыі, іншых краін, адзначыў супрацоўнік паломніцкай службы манастыра Уладзімір Чурбакоў. А ксёндз Андрэй Рылко, настаяцель кафедральнага касцёла Узнясення Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску, распавёў, што толькі на канцэртах арганнай музыкі (ва ўнікальным касцёле захаваўся старадаўні арган, які налічвае паўтары тысячы труб) пабывала каля 80 тысяч чалавек — і гэта акрамя экскурсійных груп і паломнікаў. Развіццё рэлігійнага турызму ў Беларусі дае магчымасць усім жадаючым дакрануцца да вялікай духоўнай спадчыны, якая з’яўляецца здабыткам нашага народа, рэзюмаваў святар.
Фота БелТА