«У кожнага з нас ёсць свае моцныя бакі, высокія кампетэнцыі ў той ці іншай сферы»
Рабочае мерапрыемства ў пятніцу прайшло ў вузкім і пашыраным складах. Парадак дня складаўся з 15 пытанняў, у тым ліку ў сферы гандлю, прамысловасці, мытнага супрацоўніцтва, фінансавай палітыкі, электраэнергетычнага рынку, транспарту і лагістыкі.
Выступаючы на пасяджэнні ў пашыраным складзе, Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр ТУРЧЫН адзначыў, што прамысловасць з’яўляецца галоўным падмуркам эканамічнай стабільнасці.
— Наш прамысловы патэнцыял расце апераджальнымі тэмпамі, валодае значным рэсурсным падмуркам і здольны быць лакаматывам еўразійскай прамысловай кааперацыі, — сказаў Аляксандр Турчын. — У кожнага з нас ёсць свае моцныя бакі, высокія кампетэнцыі ў той ці іншай сферы. Прыярытэтная задача — іх прадумана аб’яднаць і ператварыць гэты патэнцыял у сумесныя прадукты, тэхналогіі і новыя рынкі.
Па словах Прэм’ер-міністра Беларусі, для гэтага неабходна рэалізаваць наступнае.

Першае — перазагрузіць падыход да прамысловай кааперацыі.
— Беларусь бачыць значны патэнцыял сумеснай працы ў машынабудаванні, вытворчасці кампанентаў і абсталявання, мікраэлектроніцы, хімічнай прамысловасці, фармацэўтыцы, біятэхналогіях, новых матэрыялах і інфармацыйных тэхналогіях. Аднак галоўным крытэрыем эфектыўнасці нашай работы павінен быць не пералік кірункаў, а з’яўленне рэальных сумесных праектаў і прадукцыі, канкурэнтаздольнай як на рынку ЕАЭС, так і на знешніх рынках, — заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі.
Другое — стварыць «канвеер» — ад навуковай ідэі да серыйнай вытворчасці.
— Для выпуску складанай прадукцыі неабходныя не толькі вытворчыя магутнасці, але і інжынерныя рашэнні, праграмнае забеспячэнне, сучасныя матэрыялы і выпрабавальная база. Сёння ў ЕАЭС ёсць навуковыя арганізацыі, інжынерныя школы, прамысловыя прадпрыемствы і фінансавыя інструменты. Але паміж распрацоўкай і прамысловым укараненнем па-ранейшаму існуе разрыў, — выказаў меркаванне кіраўнік беларускага ўрада.
Аляксандр Турчын лічыць, што еўразійскія тэхналагічныя платформы павінны быць не пляцоўкай для абмеркаванняў, а механізмам падрыхтоўкі канкрэтнага прадукту. А вынікам могуць стаць доследны ўзор, новая тэхналогія, прамысловы заказ або гатовы вытворчы ланцужок.
Трэцяе — зрабіць штучны інтэлект інструментам росту прадукцыйнасці.
Што датычыцца гэтай прапановы, Прэм’ер-міністр Беларусі адзначыў: краіны ЕАЭС ужо пазначылі агульную пазіцыю па адказным развіцці штучнага інтэлекту. Наступны крок — перайсці да прамысловых «пілотаў».
— Найбольш перспектыўна выкарыстоўваць штучны інтэлект там, дзе эфект можна вымераць: у кантролі якасці, прагназаванні стану абсталявання, аптымізацыі вытворчых рэжымаў, кіраванні запасамі і энергаспажыванні, — лічыць Аляксандр Турчын. — Важна не спаборнічаць у колькасці гэтых праектаў. Неабходныя рашэнні, якія зніжаюць сабекошт, скарачаюць прастоі і дазваляюць ствараць новую канкурэнтаздольную прадукцыю. Беларусь валодае неабходным патэнцыялам для ўдзелу ў гэтай рабоце, аб’ядноўваючы кампетэнцыі рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій, акадэмічнай навукі і ІТ-падраздзяленняў буйных прамысловых флагманаў.
Чацвёртае — ператварыць транспартныя калідоры ў лічбавыя вытворча-лагістычныя ланцужкі.
— Лагістыка — «крывяносная сістэма» прамысловасці, — сказаў Прэм’ер-міністр Беларусі. — Невыпадкова сёння тры пытанні з чатырнаццаці, якія вызначаны да разгляду на ЕМУС, нацэлены на развіццё еўразійскіх транспартных калідораў.
На думку Аляксандра Турчына, у ЕАЭС фарміруюцца элементы лічбавага асяроддзя: укараняюцца навігацыйныя пломбы, развіваецца электронны абмен данымі, праводзіцца работа па лічбавізацыі мультымадальных перавозак. Наступная задача — злучыць гэтыя рашэнні.

Пятае — забяспечыць абарону ўнутранага рынку ЕАЭС.
— На працягу апошніх некалькіх гадоў назіраецца ўстойлівы рост цікавасці да рынку ЕАЭС з боку трэціх краін, — заўважыў кіраўнік беларускага ўрада. — Гэта выяўляецца ў паступовым нарошчванні аб’ёмаў паставак, што аказвае адчувальны канкурэнтны ціск на айчынных вытворцаў у шэрагу галін. У ЕАЭС прадугледжаны розныя механізмы для абмежавання імпарту замежных тавараў, калі такі імпарт нясе істотныя рызыкі для суб’ектаў гаспадарання дзяржаў-членаў.
Прэм’ер-міністр Беларусі, завяршаючы сваё выступленне, заклікаў да інтэграцыі новага тыпу: у якой навука ведае патрэбу прамысловасці, фінансаванне ідзе за перспектыўным прадуктам, лічбавыя тэхналогіі павышаюць прадукцыйнасць, а лагістыка і агульны рынак забяспечваюць маштабаванне.
— Саюз па сваім патэнцыяле гатовы да рэалізацыі такой маштабнай задачы. Патрэбна толькі наша адзіная цвёрдая воля ісці па гэтым шляху, — рэзюмаваў Аляксандр Турчын.
***
Старшыня калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Бакытжан САГІНТАЕЎ па выніках пашыранага пасяджэння Еўразійскага міжурадавага савета падчас размовы з журналістамі паведаміў, што на рабочым мерапрыемстве быў разгледжаны шэраг значных пытанняў. Перш за ўсё — гандаль, мытнае адміністраванне, транспартная інфраструктура, прамысловае супрацоўніцтва, фарміраванне агульных энергетычных рынкаў, развіццё аграпрамысловага комплексу.
Бакытжан Сагінтаеў таксама адзначыў, што наступнае пасяджэнне Еўразійскага міжурадавага савета пройдзе ў снежні ў Маскве.
Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ