Адкрытасць да дыялогу і зацікаўленасць ва ўмацаванні кантактаў
Перад сустрэчай з Прэзідэнтам Беларусі Алжас Бекценаў наведаў Дом урада. Тут адбыліся перагаворы з Прэм’ер-міністрам Беларусі Аляксандрам Турчыным, падчас якіх бакі намецілі канкрэтныя крокі развіцця далейшага двухбаковага супрацоўніцтва.

Звяртаючыся да кіраўніка ўрада Казахстана, Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын з задавальненнем адзначыў высокую інтэнсіўнасць кантактаў на ўзроўні ўрадаў, у тым ліку на пляцоўках інтэграцыйных аб’яднанняў, па лініі дзелавых колаў, сумесных культурных, адукацыйных, турыстычных і спартыўных мерапрыемстваў.
Беларусь прапануе Казахстану інтэнсіфікаваць традыцыйныя формы гандлю таварамі прамысловай групы, больш актыўна шукаць і развіваць магчымасці вытворчай кааперацыі.
Пазітыўную дынаміку эканамічнага ўзаемадзеяння дазваляе падтрымліваць эфектыўная дзейнасць міжурадавай Беларуска-казахстанскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Падпісаная паміж урадамі Праграма мерапрыемстваў па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва на 2025–2029 гады таксама накіравана на інтэнсіфікацыю ўзаемадзеяння.
У ліку прыкладаў партнёрства Аляксандр Турчын прывёў зборку трактароў і камбайнаў, якія ўжо шмат гадоў забяспечваюць АПК Казахстана сучаснай і даступнай сельскагаспадарчай тэхнікай. «На казахстанскіх вытворчых пляцоўках асвоены досыць шырокі мадэльны шэраг тэхнікі для АПК. Разам з тым мы гатовыя рухацца далей, каб сумесная вытворчасць адпавядала самым разнастайным патрэбам мясцовых спажыўцоў і ўлічвала апошнія дасягненні канструктарскай думкі», — адзначыў ён.
Ключавым вектарам узаемадзеяння застаецца аграпрамысловы комплекс. Беларускія харчовыя тавары карыстаюцца поспехам у казахстанскіх спажыўцоў. У Беларусі робяць усё магчымае, каб падтрымліваць рэнамэ вытворцаў якаснай і натуральнай прадукцыі.
«Гатовыя таксама прапанаваць апрабаваныя тэхналогіі ў аграноміі і жывёлагадоўлі, тэхналагічнае абсталяванне для жывёлагадоўчых ферм, зернесушыльных комплексаў і элеватараў», — дадаў Прэм’ер-міністр.
Казахстан ідзе па шляху развіцця атамнай энергетыкі. У верасні зроблены важны крок у дадзеным кірунку. «У нашай краіны сфарміраваліся свае кампетэнцыі ў гэтай сферы, якімі мы гатовыя дзяліцца. Гэты кірунак супрацоўніцтва адкрывае шырокія перспектывы і, упэўнены, дасць сінергетычны эфект для развіцця сувязяў у прамысловасці, будаўніцтве, навуцы і адукацыі», — падкрэсліў Аляксандр Турчын.

Істотны ўклад у развіццё двухбаковага супрацоўніцтва ўносяць і міжрэгіянальныя сувязі. Сістэмнасці і дынамізму гэтай рабоце мог бы надаць Форум рэгіёнаў Беларусі і Казахстана. «Збліжэнню народаў, развіццю гуманітарных кантактаў таксама спрыяла б правядзенне ў 2027 годзе Дзён культуры Беларусі ў Казахстане. Такія маштабныя мерапрыемствы не толькі дэманструюць багацце традыцый, але і ствараюць жывы дыялог паміж людзьмі, фарміруючы доўгатэрміновыя сувязі ў сферы мастацтва, адукацыі і турызму», — упэўнены Прэм’ер-міністр Беларусі.
Па выніках перагавораў падпісаны шэраг двухбаковых дакументаў. У іх ліку планы мерапрыемстваў аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве паміж Гродзенскай і Кастанайскай, Мінскай і Паўладарскай, Гомельскай і Паўладарскай абласцямі на 2026–2028 гады, мемарандум аб супрацоўніцтве, а таксама план мерапрыемстваў на 2027–2028 гады паміж Магілёўскім аблвыканкамам і акіматам Туркестанскай вобласці аб супрацоўніцтве ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і сацыяльнай сферах.