Беларусь упершыню прыме ўдзел у Маскоўскім тыдні інтэр’ера і дызайну і адразу прадставіць свой нацыянальны стэнд. Пра гэта БелТА паведамілі ў Дэпартаменце прадпрымальніцтва і інавацыйнага развіцця Масквы.
Маскоўскі тыдзень інтэр’ера і дызайну пройдзе ўжо ў сёмы раз 11—14 снежня, пляцоўкай для яе стануць два выставачныя павільёны ВДНГ. «Нацыянальны стэнд — гэта калектыўная экспазіцыя вытворцаў з адной краіны, якая аформлена ў адзіным стылі і ў рамках адзінай канцэпцыі пад куратарствам аднаго або некалькіх знакамітых дызайнераў з гэтай краіны», — адзначылі арганізатары.
Беларусь прадставіць прадукцыю пяці вытворцаў на нацыянальным стэндзе пад слоганам «Дом, у якім хочацца жыць». Мэта экспазіцыі — прадэманстраваць прастору, якая перадае атмасферу і гісторыю краіны, а таксама насычана цяплом натуральных матэрыялаў ручной работы. Кампаніі прадставяць інтэр’ерную мэблю: канапы, ложкі, крэслы, тэкстыль, вырабы для дэкору дома з лёну і дрэва, прыстасаванні для мяккага асвятлення і калекцыйныя прадметы.
Усяго ў VII Маскоўскім тыдні інтэр’ера і дызайну прымуць удзел больш за 1,2 тыс. кампаній з 15 краін. Гасцей чакаюць не толькі цікавыя прадметы дэкору, але і насычаная дзелавая праграма, імерсіўныя экскурсіі, майстар-класы, розыгрышы і многае іншае.