Ваенна-паветраныя сілы Беларусі маюць намер абнавіць верталётны парк. Пра гэта заявіў камандуючы ВПС і войскамі СПА УС Беларусі Андрэй Лук’яновіч, паведамляе «Мінская Праўда».
«У нас будзе далейшая перспектыва абнаўлення, замены верталётаў Мі-24. Ёсць пэўныя праграмы, планы, таму пасля іх зацвярджэння, я думаю, нас чакае яшчэ і абнаўленне верталётнага парку авіяцыі», — сказаў Андрэй Лук’яновіч. Ён паведаміў таксама, што сёлета плануецца атрымаць яшчэ чатыры Су-30СМ2.
«Прафесійны ўзровень нашага лётнага і тэхнічнага складу дазваляе цалкам рэалізаваць усе магчымасці тых авіяцыйных комплексаў, якія ў нас стаяць на ўзбраенні, авіяцыйных сродкаў паражэння для таго, каб супрацьстаяць пагрозам», — дадаў камандуючы ВПС і войскамі СПА.
На пытанне аб тым, ці можа ў будучыні беспілотная авіяцыя замяніць пілатаваную, Лук’яновіч не выключыў такую магчымасць, але падкрэсліў, што на дадзены момант для забеспячэння перавагі ў паветры і выканання ўсіх задач неабходныя лётчыкі, якія прымаюць рашэнні і забяспечваюць бяспеку палётаў.
«Ёсць шмат іншых задач, не толькі баявыя. Нашай краіне ўдзячныя народы многіх краін за аказанне гуманітарнай дапамогі пры землятрусах, эпідэміях. Гэта Кітайская Народная Рэспубліка, Сірыя, Турцыя, М’янма. Задач вельмі шмат, і мы гатовыя іх выконваць. Пакуль — пілатаваная авіяцыя», — рэзюмаваў ён.