Надзейнае братэрства паміж краінамі
Аб гэтым заявіў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА падчас сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Куба ў Рэспубліцы Беларусь Сант’яга Перэсам Бенітэсам.
Спікер Палаты прадстаўнікоў падкрэсліў, што асновай для развіцця беларуска-кубінскага супрацоўніцтва з’яўляецца дыялог на найвышэйшым узроўні — паміж кіраўнікамі дзяржаў.
«І пацвярджэннем таму стала сустрэча ў Астане ў канцы мая нашага Прэзідэнта з віцэ-прэзідэнтам Кубы, — дадаў Ігар Сергяенка. — Мы з трывогай бачым, якія падзеі адбываюцца вакол Кубы, як нагнятаецца абстаноўка. Голас парламентарыяў быў заўсёды на карысць таго, што мы супраць любога дыктату, любога навязвання сілавых сцэнарыяў, ваенных дзеянняў. Мы нязменныя ў сваёй падтрымцы».

Старшыня Палаты прадстаўнікоў заўважыў, што сёння складана гаварыць пра тое, як будуць развівацца падзеі вакол Кубы далей, але важна разумець, што Беларусь заўсёды падтрымае гэту краіну. «Галоўнае, каб усе праблемы, працэсы, якія цяпер адбываюцца, не прывялі ў найбліжэйшай будучыні да магчымага гуманітарнага крызісу, — заўважыў Ігар Сергяенка. — Цяпер, у адпаведнасці з рашэннем кіраўніка дзяржавы, урадам рыхтуецца адпраўка гуманітарнага грузу з прадукцыяй сельскай гаспадаркі, медыкаментамі. Задачу парламента мы бачым у тым, каб развіваць і ўмацоўваць нашы адносіны, падтрымліваць адно аднаго на міжнароднай арэне, што і робіцца, адпрацоўваць тую заканадаўчую базу, якая неабходна сёння для падтрымання і развіцця гандлёва-эканамічных, гуманітарных кантактаў паміж нашымі краінамі».
Старшыня Палаты прадстаўнікоў асобна падкрэсліў выбудаванае парламенцкае ўзаемадзеянне. «Хацеў бы адзначыць работу нашых груп дружбы — у беларускім парламенце, у вашым парламенце, — адзначыў ён. — Гэта і правядзенне семінараў у рэжыме відэасустрэч па пытаннях фармацэўтыкі, аграрнай, прамысловай галін. Мы сваімі кантактамі дапамагаем умацоўваць адносіны паміж нашымі краінамі».
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Куба ў Рэспубліцы Беларусь Сант’яга Перэс Бенітэс выказаў меркаванне, што адносіны паміж Беларуссю і Кубай можна назваць брацкімі. «Мы будуем нашы адносіны на ўзаемным даверы», — падкрэсліў кубінскі дыпламат. Сант’яга Перэс Бенітэс звярнуў увагу на значнасць таго, што беларуска-кубінскія стасункі падмацоўваюцца канкрэтыкай. «Мы не толькі абмяркоўваем агульныя пытанні, але і канкрэтныя адносіны, — дадаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Куба. — На Кубе вельмі высока ацэньваюць ролю ў гэтым Прэзідэнта Беларусі і ўсяго беларускага народа. Вы з’яўляецеся прыкладам для нас і для вельмі многіх краін у Лацінскай Амерыцы і наогул Глабальнага Поўдня, якія хочуць развіваць свой суверэнітэт, выкарыстоўваючы магчымасці, якія вы нам паказваеце ў вашым развіцці».

На Кубе высока цэняць братэрскую палітычную падтрымку, гуманітарную дапамогу і ў цэлым падтрымку беларусаў, рэзюмаваў дыпламат.
Даслоўна
«Працягваем, нягледзячы ні на якія складанасці, развіццё нашых адносін і супрацоўніцтва па ўсіх кірунках»
У размове з журналістамі старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Сяргей РАЧКОЎ адзначыў, што, нягледзячы на няпростую сітуацыю, якая складваецца вакол Рэспублікі Куба, беларуска-кубінскія адносіны застаюцца стабільнымі, трывалымі і дружалюбнымі.
«Нядаўна Прэзідэнт Беларусі пацвердзіў нашы адносіны да Кубы падчас сустрэчы з віцэ-прэзідэнтам Кубы ў Астане, — падкрэсліў парламентарый. — Мы працягваем, нягледзячы ні на якія складанасці, развіццё нашых адносін і супрацоўніцтва па ўсіх кірунках — і палітычнае, і гандлёва-эканамічнае, і гуманітарнае супрацоўніцтва. У нас працуе міжурадавая камісія, выконваюцца тыя планы, якія былі вызначаны двума прэзідэнтамі па эканамічным супрацоўніцтве. Вядома, мы ўдзяляем асаблівую ўвагу міжпарламенцкаму ўзаемадзеянню з Кубай, у прыватнасці, як на двухбаковым узроўні, так і на міжнародных парламенцкіх пляцоўках. У нас вельмі актыўна працуюць групы дружбы паміж двума парламентамі, асаблівасць якіх у тым, што яны канцэнтруюцца на абмеркаванні вельмі канкрэтных пытанняў».
У прыватнасці, яны датычацца ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Кубай у фармацэўтычнай галіне, таксама былі праведзены сустрэчы і семінары, звязаныя з развіццём прамысловай кааперацыі. Беларусь моцная і ў сельскай гаспадарцы, адзначыў Сяргей Рачкоў.
«Гэта тэма цікавіць і нашых кубінскіх партнёраў, — звярнуў увагу дэпутат. — Таму апошняя сустрэча, якая адбылася паміж парламентарыямі, была прысвечана менавіта супрацоўніцтву ў аграрнай сферы. Два бакі ўзаемадзейнічаюць, падкрэсліваюць сваё стратэгічнае партнёрства. Рэспубліка Беларусь салідарызуецца з Кубай. Мы выступаем супраць ціску на Кубу. Неабходна дзейнічаць у рамках Статута Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Усё, што знаходзіцца за межамі міжнароднага права, з’яўляецца непрымальным для Рэспублікі Беларусь».
Яна ВАЛАСАЧ