Top.Mail.Ru

Беларусь — Кыргызстан: задача — выйсці ў тавараабароце на $500 млн

У гэтым перакананы Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка падчас сустрэчы са старшынёй Кабінета міністраў Кыргызстана — кіраўніком адміністрацыі прэзідэнта Адылбекам Касымаліевым, якая адбылася сёння ў Алматы.


Бакі адзначалі на сустрэчы, што Беларусь і Кыргызстан маюць падобныя падыходы да вырашэння многіх актуальных пытанняў як на двухбаковым трэку, так і ў рамках інтэграцыйных пляцовак і міжнароднага парадку дня. 

Раман Галоўчанка выказаў упэўненасць, што цяпер вельмі добры час для таго, каб абмеркаваць вынікі мінулага года і расставіць пэўныя акцэнты у агульнай дзейнасці на наступны перыяд. 

Эканамічная сфера заўсёды была прыярытэтнай для нашага супрацоўніцтва, бо дае канкрэтны практычны вынік для абедзвюх краін, — падкрэсліў кіраўнік беларускага урада. 

Ён адзначыў, што за 11 месяцаў 2024 года тавараабарот паміж Беларуссю і Кыргызстанам узняўся да ўзроўню 2023-га і перавысіў 160 мільёнаў долараў.

Прэм’ер-міністр падкрэсліў: трэба ўтрымаць гэтыя тэмпы, тым больш што патэнцыял уабодвух бакоў для гэтага ёсць.

— Зыходзячы з напрацовак, якія ўжо ёсць, цалкам рэальна давесці тавараабарот за найбліжэйшыя пяць гадоў да 500 мільёнаў долараў, — выказаў упэўненасць Раман Галоўчанка. — Гэта досыць высокая планка. У нас ніколі такіх лічбаў не было. Але цяпер лічым іх цалкам дасягальнымі, тым больш што ёсць добрая дынаміка ў рэалізацыі двухбаковых праектаў.

Прэм’ер-міністр адзначыў той факт, што назіраецца добрая дынаміка развіцця сумеснага праекта ў галіне ліфтавага абсталявання:

— У нас ёсць сумеснае прадпрыемства ў Кыргызстане, якое паспяхова выконвае пастаўленыя перад ім задачы.

Ён агучыў спадзяванне, што з улікам вялікай патрэбы Кыргызстана ў замене і абнаўленні ліфтавага абсталявання гэтае прадпрыемства будзе мець большы пакет заказаў, чым ёсць цяпер:

— Тым больш, што лакалізацыя на прадпрыемстве досыць высокая, і мы настроены яе развіваць у далейшым, выкарыстоўваючы па максімуму камплектуючыя і вузлы, якія вырабляюцца ў Кыргызстане. 

Раман Галоўчанка нагадаў, што гэта ж прадпрыемства рэалізуе праект па будаўніцтве ротарнай паркоўкі і выказаў упэўненасць, што ён будзе вельмі запатрабаваны жыхарамі сталіцы Кыргызстана. 

Падчас сустрэчы беларускі Прэм’ер закрануў яшчэ адну важную тэму — супрацоўніцтва ў сферы экалогіі, узаемадзеяння ў галіне абыходжання з адходамі і перапрацоўкі другасных матэрыяльных рэсурсаў. Ён адзначыў, што ў жніўні мінулага года ў горадзе Каракол адкрыўся смеццеперапрацоўчы комплекс, які пад ключ быў пабудаваны беларускім прадпрыемствам, што дае магчымасць не толькі выконваць высокія экалагічныя стандарты, але і атрымліваць каштоўныя другасныя матэрыяльныя рэсурсы для вытворчасці новых запатрабаваных відаў прадукцыі. 

Гаворачы аб патэнцыяле двухбаковага супрацоўніцтва, Раман Галоўчанка адзначыў, што Кыргызстан рэалізуе зараз сур’ёзныя праекты, такія як будаўніцтва гідраэлектрастанцыі, распрацоўка новых радовішчаў, а таксама двух буйных чыгуначных праекта. 

Ён звярнуў увагу на тое, што Беларусь валодае сур’ёзнымі кампетэнцыямі як у праектаванні, так і ў аказанні паслуг па будаўніцтве такіх аб’ектаў (гаворка аб інжынірынгу, пастаўцы адпаведнай тэхнікі, пусканаладачных работах). Кіраўнік беларускага урада, што наша краіна гатова аказаць любое садзейнічанне партнёрам у гэтым пытанні. Тым больш, што для гэтага ёсць і надзейны фінансавы падмурак. 

Нагадаем, што ў лістападзе 2024-га паміж банкамі развіцця Беларусі і Кыргызстана заключана пагадненне аб прадастаўленні экспартных крэдытаў.

У тэму

Раман Галоўчанка наведвае з рабочым візітам Алматы (Казахстан) 30–31 студзеня, дзе ўдзельнічае ў пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета. Учора адбылося яго пасяджэнне ў вузкім складзе.

Таксама ў гэты дзень прэм’ер-міністр Беларусі сустрэўся з першым віцэ-прэзідэнтам Ірана Махамадам-Рэза Арэфам. Падрабязнасці — у наступным нумары «Звязды».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю