Супрацоўніцтва нашай краіны з краінамі далёкай дугі — стратэгічная мэта ў пашырэнні рынкаў і дыверсіфікацыі гандлёва-эканамічных сувязяў. Банк развіцця ў такім узаемадзеянні адыгрывае адну з ключавых роляў.
Днямі ў Гаване старшыня праўлення Банка развіцця Сяргей Сталярчук падпісаў крэдытнае пагадненне на пастаўку 48 трактаракамплектаў беларускай вытворчасці для патрэб Кубы, а адразу пасля гэтага накіраваўся ў сталіцу Нікарагуа для пашырэння спектра супрацоўніцтва і неадкладнай рэалізацыі перспектыўных праектаў, паведамілі ў прэс-службе банка.
У рамках пасяджэння беларуска-нікарагуанскай сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве Банкам развіцця падпісана чатыры важкія для дзвюх дзяржаў крэдытныя пагадненні на агульную суму звыш 30 мільёнаў долараў для фінансавання паставак больш за 280 грузавых аўтамабіляў розных мадэляў і дарожна-будаўнічай тэхнікі.
Дарэчы, летась Банкам развіцця і нікарагуанскімі партнёрамі былі падпісаны па-сапраўднаму прарыўныя ў двухбаковых адносінах крэдытныя пагадненні. Дакументы на суму амаль 80 мільёнаў долараў прадугледжвалі пастаўку больш як 700 адзінак беларускай тэхнікі для розных сфер эканомікі Нікарагуа.
— У Нікарагуа па раней рэалізаваных праектах паспелі ацаніць ужо ўсе перавагі як беларускага машынабудавання, так і супрацоўніцтва з нашай краінай. Беларусь прапануе замежным партнёрам эфектыўную экспартную экасістэму: ад вытворчасці неабходнай прадукцыі да фінансавання Банкам развіцця яе паставак. На прыкладзе Кубы і Нікарагуа мы бачым, што такія падыходы міжнароднага супрацоўніцтва эфектыўна працуюць, — адзначыў Сяргей Сталярчук пасля пасяджэння сумеснай камісіі.
На яго думку, Нікарагуа — адзін з перспектыўных партнёраў нашай дзяржавы ў Цэнтральнай Амерыцы. Беларуска-нікарагуанскія адносіны дынамічна развіваюцца і нацэлены на значнае нарошчванне тэмпаў тавараабароту:
— Перспектыўныя кірункі пастаянна ў фокусе нашай увагі: як у Гаване, так і ў Манагуа мы правялі шэраг прадметных перагавораў па нарошчванні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж краінамі шляхам пашырэння наменклатуры тэхнікі, якая пастаўляецца, і стварэння сумесных вытворчасцяў з наступнай рэалізацыяй прадукцыі ў трэція краіны. У цэнтры ўвагі і новыя кірункі: напрыклад, у Манагуа мы вядзём гаворку аб супрацоўніцтве ў сферы інфармацыйных тэхналогій, банкаўска-фінансавым сектары і іншых галінах.