Салігорск, як вядома, — горад шахцёрскі. І жыхары ў ім — упэўненыя людзі з моцным характарам, якія не пацерпяць няшчырасці. З імі прасцей працаваць чалавеку, які вырас у іх асяроддзі, які ведае ўсе праблемы знутры. Як, напрыклад, дэпутату Палаты прадстаўнікоў ад Салігорскай гарадской 68-й акругі Алене Хаміцэвіч.
Алена Мікалаеўна — карэнная салігарчанка, шахцёрская сталіца — яе родны горад. Тут прайшло дзяцінства і юнацтва, сюды вярнулася маладым спецыялістам і шмат гадоў працавала педагогам, у прыватнасці, у Салігорскім дзяржаўным каледжы, з пасады дырэктара якога і пайшла ў дэпутаты.
— Алена Мікалаеўна, якія праблемы хвалююць выбаршчыкаў вашай акругі? Якая работа па акрузе вядзецца ў цэлым?
— Работа дэпутата патрабуе актыўнага ўзаемадзеяння з выбаршчыкамі. Неад’емнай часткай маёй работы з’яўляецца правядзенне асабістых прыёмаў грамадзян і прамых тэлефонных ліній. За перыяд работы ў 2024 годзе праведзена 15 асабістых прыёмаў, разгледжана больш за 50 зваротаў. Часцей за ўсё грамадзяне звярталіся на прамыя лініі і прыёмы грамадзян па пытаннях работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Людзі ўздымалі пытанні добраўпарадкавання, рамонту і эксплуатацыі жыллёвага фонду, водазабеспячэння, арэнднага і сацыяльнага жылля, ацяплення, сферы банкаўскіх паслуг, пытанні падаткаабкладання, атрымання сацыяльных ільгот і гарантый, пытанні транспартных зносін. А яшчэ хвалююць людзей бяспека дарожнага руху і ўладкаванне дзіцячых пляцовак.
Значным кірункам работы ў акрузе з’яўляецца сумесная работа з грамадскімі арганізацыямі і аб’яднаннямі, палітычнымі партыямі. Бяру ўдзел у пасяджэннях раённага выканаўчага камітэта, у пасяджэннях камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва Салігорскага раёна, а таксама ў штомесячных маніторынгах цэн у магазінах горада. Нельга не сказаць аб правядзенні акцыі па добраўпарадкаванні «Пасадзім дрэва разам!», падчас правядзення якой былі высаджаны дрэвы на тэрыторыі сацыяльна-педагагічнага цэнтра Салігорскага раёна, дзе знаходзяцца дзеці, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі.
— Нядаўна ў Салігорску праходзіла рэспубліканская акцыя «Марафон адзінства». Якія ўражанні засталіся аб ёй у горадзе?
— Толькі станоўчыя! Гэта была ўнікальная магчымасць бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй і традыцыямі нашай краіны, больш даведацца пра беларускую самабытнасць і дасягненні. Гэта і канцэрты, і выстаўкі, і майстар-класы, і квэсты, і іншыя цікавыя мерапрыемствы. Маштабная акцыя завітала да нас у першыя дні новага года. Яна не пакінула жыхароў і гасцей горада абыякавымі. Гэта знакавая падзея для горада. Марафон аб’ядноўвае людзей розных пакаленняў, розных прафесій, якія ганарацца сваёй гісторыяй, вераць у будучыню краіны. Нам ёсць што захаваць, што несці далей. Такія мерапрыемствы патрэбныя, каб мы маглі сабрацца разам і адчуць, што беларусы прыязныя і спагадлівыя. Беларусь — краіна магчымасцяў, дзе кожны чалавек, пачынаючы з самага юнага ўзросту, можа рэалізаваць сябе.
Такое магчыма толькі ў дзяржаве, кіраўнік якой сапраўды бачыць свой галоўны клопат у тым, каб краіна развівалася і людзям у ёй жылося з кожным годам лепш.
— Якія мерапрыемствы з вашым удзелам праводзяцца ва ўмовах электаральнай кампаніі?
— Актыўна праходзяць сустрэчы ў працоўных калектывах горада, пачас якіх абмяркоўваюцца пытанні аб асноўных кірунках дзейнасці Палаты прадстаўнікоў, аб замацаванні і адаптацыі маладых спецыялістаў, аб павышэнні ўзроўню абслугоўвання насельніцтва, абмяркоўваюцца дасягненні Беларусі за апошнія 30 гадоў, а таксама аб ходзе выбарчай кампаніі.
Па дадзенай тэматыцы праводзіцца шмат мерапрыемстваў. Гэта і сустрэчы ў працоўных калектывах, і ўдзел у асветніцкіх мерапрыемствах і дыялогавых пляцоўках, і ўзаемадзеянне з выбарчымі камісіямі.
Выбары Прэзідэнта — гэта важны перыяд для любой краіны, і ўдзел грамадзян у гэтым працэсе адыгрывае ключавую ролю ў фарміраванні будучыні. Галоўнае — памятаць, што ўдзел у выбарах — гэта не толькі права, але і адказнасць. Голас кожнага з нас можа стаць вырашальным у вызначэнні будучыні Беларусі.
Фота з архіва дэпутата