Беларусь і В’етнам зацікаўлены ў прадаўжэнні цеснага дыялогу і ўмацаванні парламенцкіх сувязей. Пра гэта старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергеянка заявіў падчас сустрэчы са старшынёй Нацыянальнага сходу В’етнама Чан Тхань Манам, паведамляе БелТА.
Падпісаная ў маі 2025 года ў Мінску сумесная заява аб устанаўленні стратэгічнага партнёрства паміж краінамі вывела двухбаковыя адносіны на якасна новы ўзровень.
Прыярытэтнай задачай парламентарыяў з’яўляецца рэалізацыя дасягнутых дамоўленасцяў на вышэйшым узроўні, адзначыў спікер. «Рэгулярнасць сустрэч на ўзроўні кіраўніцтва парламентаў сведчыць аб узаемнай зацікаўленасці бакоў у актывізацыі ўзаемадзеяння. Пацвярджэннем гэтаму сталі наша сустрэча падчас сесіі Генеральнай Асамблеі МПА АСЕАН у Лаосе ў кастрычніку 2024 года, а таксама ваша сустрэча з маім намеснікам у красавіку 2025 года ў Хашыміне», — сказаў ён.
Ігар Сергяенка запрасіў Чан Тхань Мана наведаць з візітам Беларусь для правядзення сустрэч з кіраўніцтвам дзяржавы і парламента, абмеркавання важных пытанняў двухбаковых адносін.
«Разлічваем на падпісанне ў ходзе візіту новага пагаднення аб супрацоўніцтве паміж парламентамі Беларусі і В’етнама, дзякуючы чаму нашы сувязі набудуць больш сістэмную аснову і напоўняцца новым зместам. У мэтах практычнай рэалізацыі пагаднення прапануем падумаць над магчымасцю распрацоўкі праграмы або плана развіцця супрацоўніцтва на 2026-2028 гады. Варта таксама прадоўжыць узаемадзеянне па лініі парламенцкіх груп дружбы, якія могуць унесці значны ўклад у развіццё міжпарламенцкага супрацоўніцтва. Чакаем канкрэтных сумесных мерапрыемстваў, уключаючы абмен візітамі. Гатовыя прыняць парламенцкую групу дружбы „В’етнам-Беларусь“ у Мінску з візітам восенню», — заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў.
Спікер падкрэсліў, што асаблівую важнасць з пункту гледжання сацыяльна-эканамічнага развіцця і павышэння ўзроўню дабрабыту грамадзян дзвюх краін мае супрацоўніцтва ў сферы гандлю і інвестыцый. У той жа час існуючы патэнцыял задзейнічаны не ў поўнай меры. «Неабходна выкарыстоўваць перавагі і магчымасці пагаднення аб свабодным гандлі ЕАЭС — В’етнам, якому сёлета споўнілася 10 гадоў. Ёсць шэраг пытанняў, вырашэнне якіх будзе спрыяць больш эфектыўнай рэалізацыі значнага патэнцыялу ў гэтай сферы, — сказаў ён. — Мы гатовыя супрацоўнічаць па самым шырокім коле напрамкаў, такіх як інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, „разумны горад“, электра — і беспілотны транспарт. Дэпутаты могуць больш актыўна ўзаемадзейнічаць з выканаўчай уладай, прапаноўваць новыя ідэі і праекты для прасоўвання ўзаемных інтарэсаў на рынках краін АСЕАН і Еўразійскага эканамічнага саюза».
Найбольшая перспектыва пры гэтым бачыцца ў прамкааперацыі, падкрэсліў спікер. Станоўчы вопыт маецца. «У нас ёсць тэхналогіі і кампетэнцыі. Мы гатовыя дзяліцца з нашымі сябрамі ведамі і досведам», — адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў.
Прыярытэтным пытаннем для абодвух бакоў, у тым ліку парламентаў, з’яўляецца далейшае развіццё дагаворна-прававой базы, канстатаваў Ігар Сергяенка. «Спадзяюся на працяг цеснага дыялогу і ўмацаванне парламенцкіх сувязей. Нашы даверныя адносіны здольныя вырашаць любыя, самыя маштабныя задачы. Гэта, несумненна, спрыяльна адаб’ецца на забеспячэнні ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі і В’етнама і росквіце нашых краін», — дапоўніў ён.