Top.Mail.Ru

Беларусь і В’етнам зацікаўлены пашыраць міжрэгіянальнае супрацоўніцтва

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Сергяенка сустрэўся з сакратаром партыйнага камітэта правінцыі Лаакай Чынь Суан Чыонгам, паведамляе БелТА.



Сустрэча прайшла ў Лаакаі. Падчас перагавораў бакі выказалі зацікаўленасць у пашырэнні міжрэгіянальнага супрацоўніцтва Беларусі і В’етнама.

Ігар Сергяенка падкрэсліў важнае значэнне дружалюбных сувязей і ўсебаковага супрацоўніцтва з В’етнамам, які на працягу многіх дзесяцігоддзяў з’яўляецца самым блізкім і надзейным партнёрам Беларусі ў Паўднёва-Усходняй Азіі. «Візіт у Рэспубліку Беларусь Генеральнага сакратара Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі В’етнама То Лама, які адбыўся ў маі гэтага года, упісаў новую старонку ў гісторыю адносін дзвюх краін. Дзякуючы палітычнай волі і асабістай зацікаўленасці лідараў нашых дзяржаў беларуска-в’етнамскія адносіны падняліся на новы якасны ўзровень — стратэгічнага партнёрства, — адзначыў спікер. — Вызначаныя найважнейшыя прыярытэты двухбаковага супрацоўніцтва на бліжэйшую і сярэднетэрміновую перспектыву, у тым ліку на рэгіянальным узроўні, з’яўляюцца важным арыенцірам для фарміравання сумесных планаў і праграм».

Паміж правінцыяй Лаакай і Брэсцкай вобласцю дзейнічае пагадненне аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве, падпісанае ў 2017 годзе. Яно прадугледжвае развіццё ўзаемавыгадных сувязяў у гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, культурнай і іншых сферах.

Ігар Сергяенка звярнуў увагу на магчымасць падрыхтоўкі і падпісання праграмы супрацоўніцтва паміж правінцыяй Лаакай з Брэсцкай вобласцю на 2026-2028 гады.

«Гэта добрая практыка. У цяперашні час паміж адміністрацыйнымі адзінкамі дзвюх краін заключана каля 15 пагадненняў, якія пры актыўным удзеле парламентарыяў павінны спрыяць рэалізацыі сумесных кааперацыйных і культурна-гуманітарных праектаў», — падкрэсліў старшыня Палаты прадстаўнікоў


Спікер таксама прапанаваў пашырыць кола партнёраў правінцыі Лаакай за кошт іншых рэгіёнаў Беларусі, у прыватнасці Гомельскай вобласці. «Па просьбе старшыні Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Івана Крупко дазвольце перадаць вам запрашэнне наведаць Гомельскую вобласць і прыняць удзел у XIX Гомельскім эканамічным форуме, які адбудзецца 18 і 19 верасня 2025 года. У выпадку зацікаўленасці нашы дэпутаты ад Гомельскай вобласці заўсёды гатовыя аказаць неабходнае садзейнічанне ў наладжванні сувязяў», — дапоўніў ён.

Ігар Сергяенка падкрэсліў, што гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з’яўляецца адной з апор двухбаковых адносін. Таму важна выкарыстоўваць патэнцыял міжрэгіянальных сувязей для паспяховай рэалізацыі ўсіх задач, пастаўленых кіраўніцтвам нашых краін, і дасягнутых дамоўленасцей. Старшыня Палаты прадстаўнікоў таксама адзначыў важнасць пашырэння міжпартыйных сувязей на ўзроўні рэгіёнаў.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Сергяенка па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прыбыў з візітам у Сацыялістычную Рэспубліку В’етнам для ўдзелу ва ўрачыстых мерапрыемствах з нагоды 80-годдзя Жнівеньскай рэвалюцыі і Дня Незалежнасці. У склад беларускай дэлегацыі ўваходзяць прадстаўнікі кампаній дзелавых колаў — ААТ «БЕЛАЗ» — кіруючая кампанія холдынгу «БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ», ААТ «Белшына», ААТ «МТЗ».

У рамках эканамічнага складніка праграмы візіту запланавана наведванне і сустрэча з кіраўніцтвам правінцыі Лаакай, удзел у цырымоніях перадачы партыі кар’ерных самазвалаў БЕЛАЗ і падпісання двухбаковых дакументаў па рэалізацыі паставак беларускай і в’етнамскай прадукцыі. Таксама ў Хашыміне адбудзецца падпісанне ліцэнзійнага пагаднення аб стварэнні сумеснай зборачнай вытворчасці трактароў у В’етнаме.

В’етнам адзначыць 80-ю гадавіну Жнівеньскай рэвалюцыі і Дня Незалежнасці 2 верасня ўрачыстым ваенным парадам і тэатралізаваным шэсцем на плошчы Ба Дзінь у Ханоі, дзе ў 1945 годзе прэзідэнт Хо Шы Мін абвясціў незалежнасць краіны.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю