Top.Mail.Ru

Беларусь і Рэспубліка Комі выходзяць на новы ўзровень супрацоўніцтва

У гэтыя дні з афіцыйным візітам у Мінску знаходзіцца дэлегацыя Рэспублікі Комі на чале са старшынёй урада Дзмітрыем Братыненкам.



Дэлегацыя наведала вядучае прадпрыемства Беларусі ААТ «МАЗ» — кіруючую кампанію холдынга «БЕЛАЎТАМАЗ», у прыватнасці, галоўны канвеер і аўтобусны завод, Мінскі трактарны завод, ТАА «Амкадор-Лесмаш», Нацыянальную акадэмію навук Беларусі і Мемарыяльны комплекс «Хатынь» з ускладаннем кветак да Вечнага агню мемарыяла.

Урадам Беларусі замацавана службовая асоба па развіцці супрацоўніцтва з Рэспублікай Комі — міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў. Падчас наведвання дэлегацыяй прадпрыемстваў прамысловага сектара асаблівая ўвага была ўдзелена пытанням пашырэння гандлёва-эканамічных сувязяў, азнаямленню з новымі вытворчымі магутнасцямі. Абмеркавалі магчымасці кааперацыі, паставак тэхнікі і сэрвіснага абслугоўвання. Дасягнуты і дамоўленасці аб набыцці Рэспублікай Комі нашай прадукцыі, у прыватнасці, турыстычных аўтобусаў МАЗ.

— Трох дзён работы ў Беларусі, на мой погляд, было мала. У Беларусі вельмі шмат розных галін, якія сёння маглі б быць цікавыя і для Расійскай Федэрацыі, і для Рэспублікі Комі. Мы паглядзелі вытворчасць МАЗа, трактароў «Беларусь», лесанарыхтоўчай тэхнікі, нам прадставілі акадэмію навук і яе дасягненні, якія сёння таксама могуць быць цікавымі ў рамках развіцця дзвюх дзяржаў. Таксама нас зацікавілі культурныя і турыстычныя абмены, — адзначыў старшыня ўрада Рэспублікі Комі Дзмітрый Братыненка. 


Акцэнт падчас візіту зроблены на развіццё сумеснай вытворчасці лесанарыхтоўчай тэхнікі. У прыватнасці, беларуская вытворчасць сёння знаходзіцца ў Петразаводску, і будзе разгледжана магчымасць адкрыцця аналагічнага прадпрыемства ў Комі. Падзеляцца беларусы і вопытам вытворчасці прадуктаў сельскай гаспадаркі і тэхналогіямі, якія сёння прымяняюцца нашымі аграрыямі.

— Мы ў сваю чаргу пастаўляем у Беларусь шмат фанеры, паперы, і хочам развіваць гэта далей, — падкрэсліў Дзмітрый Братыненка. — Па выніках візіту мы зробім высновы, падрыхтуем бізнес-місію нашага бізнесу ў Беларусь. 


Супрацоўніцтвам у сельскай гаспадарцы, машынабудаванні і прамысловасці кантакты не абмяжуюцца.

— Мы абмеркавалі гуманітарныя пытанні, звязаныя з узаемадзеяннем па лініі спорту, культуры, турызму. І бачым, што існуе жывая цікавасць па названых кірунках. Гэта сведчыць аб тым, што мы разумеем адзін аднаго. І пункты судакранання датычацца не толькі эканомікі, але і тых ідэалагічных падыходаў, якія таксама сёння дапамогуць дасягнуць вынікаў, якія ад нас патрабуе кіраўнік дзяржавы па ўзаемадзеянні з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі, — адзначыў міністр аховы здароўя Беларусі Аляксандр Хаджаеў.


Сярод дамоўленасцяў — запрашэнне да ўдзелу расійскіх калег у беларускіх выстаўках «Ахова здароўя» і «Белагра», супрацоўніцтва з «Беларусьфільмам», сярод першых вынікаў якога паказ беларускага фільма «Класная» ў кінатэатрах Рэспублікі Комі. 

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю