Top.Mail.Ru

Беларусь і КНДР падчас візіту Лукашэнкі ў Пхеньян маюць намер падпісаць дагавор аб сяброўстве

Беларусь і КНДР у ходзе афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі маюць намер падпісаць дагавор аб сяброўстве і супрацоўніцтве. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў, паведамляе БелТА.


«Самая вялікая наша цікавасць у КНДР — умацаванне сапраўды сяброўскіх, партнёрскіх адносін. Тут нашыя сябры, яны нас чакаюць. Таксама, як мы чакаем іх у сябе ў Беларусі. Прыйшоў час больш актыўна развіваць адносіны. Ёсць цэлы комплекс напрамкаў, якія цікавяць і беларускі, і карэйскі бакі. Яны ўсе адлюстраваны ў адпаведным дагаворы аб сяброўстве, які падпішуць лідары нашых краін. І на падставе гэтага дагавора ўжо будзем развіваць кантакты па лініі галіновых міністэрстваў і ведамстваў», — сказаў Максім Рыжанкоў.

Паводле яго слоў, у цэлым у рамках візіту плануецца падпісаць каля 10 розных пагадненняў, якія ўмацуюць дагаворна-прававую базу двухбаковага супрацоўніцтва. «Гэта асноватворны дагавор аб сяброўстве і дзевяць галіновых дагавораў, якія датычацца супрацоўніцтва ў галіне сельскай гаспадаркі, адукацыі, аховы здароўя, супрацоўніцтва паміж гандлёва-прамысловымі палатамі нашых дзяржаў, Акадэміяй навук і мясцовымі даследчымі ўстановамі ў галіне развіцця сельскай гаспадаркі, супрацоўніцтва паміж інфармацыйнымі міністэрствамі. Дастаткова вялікі комплекс дагаворна-прававой базы», — растлумачыў міністр.

Максім Рыжанкоў канстатаваў, што тавараабарот паміж краінамі пакуль сціплы, але ёсць шэраг цікавых пазіцый, па якіх можна ажыццяўляць пастаўкі. «Гэта і фармакалогія, пастаўка прадуктаў харчавання. Пастаўкі з КНДР розных касметычных сродкаў — найвысокай якасці і па кошце вельмі даступныя. Шмат і іншых напрамкаў», — дадаў ён.

«Пакуль мы толькі ў пачатку шляху. Цяперашняя сітуацыя проста штурхае нас у абдымкі адно аднаго. Мы шукаем сяброў. Сябры няхай за трыдзявяць зямель, але гэта вельмі адданыя, надзейныя і паважаючыя нас сябры», — рэзюмаваў міністр.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю