Top.Mail.Ru
225

Беларусь і Кітай маюць намер умацоўваць транспартна-лагістычныя сувязі

У добры шлях!

Дэлегацыя Мінтранса Беларусі днямі прыняла ўдзел у пасяджэнні Камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве беларуска-кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве, якое адбылося ў Пекіне.

Як растлумачылі ў прэс-службе ведамства, бакі абмеркавалі планы сумеснай работы на найбліжэйшую перспектыву. Парадак дня ўключаў пытанні нарошчвання гандлёвага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, развіцця транспартна-лагістычнага ўзаемадзеяння, прасоўвання праектаў Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень».

На сустрэчы было агучана, што за 2024 год аб’ём перавозак чыгуначным транспартам у зносінах Кітай — Беларусь — Кітай склаў больш за 500 тысяч кантэйнераў (або 144 % да ўзроўню 2003 года).

Акрамя таго, падчас візіту дэлегацыі Мінтранса ў Пекін адбылася сустрэча кіраўнікоў транспартных ведамстваў Беларусі і КНР, на якой абмяркоўваліся асноўныя напрамкі развіцця супрацоўніцтва ў галіне транспарту. Беларускі бок узначаліў міністр транспарту і камунікацый Аляксей Ляхновіч, кітайскі — міністр транспарту КНР Лю Вэй.

У цяперашні час Беларусь і КНР актыўна супрацоўнічаюць у сферы аўтамабільнага, чыгуначнага і паветранага транспарту. Як адзначыў Аляксей Ляхновіч, развіццё ўзаемадзеяння ў галіне транспарту служыць надзейнай асновай далейшага павелічэння аб’ёмаў гандлю паміж дзяржавамі. У прыватнасці, рэалізацыя стратэгіі партнёрства на найбліжэйшую перспектыву прадугледжвае крокі па ўмацаванні транспартна-лагістычных сувязяў, паскарэнні апрацоўкі грузаў, развіцці патэнцыялу транзітных перавозак праз тэрыторыю Беларусі.

Кіраўнік Мінтранса Беларусі акцэнтаваў увагу на неабходнасці ўмацавання супрацоўніцтва ў сферы аўтамабільнага транспарту, які адыгрывае значную ролю ў транспарціроўцы знешнегандлёвых грузаў.

У сваю чаргу міністр транспарту КНР Лю Вэй запэўніў, што кітайскі бок цалкам падтрымлівае імкненне да дынамічнага развіцця двухбаковых адносін і гатовы ўмацоўваць кантакты для далейшага развіцця аўтаперавозак паміж КНР і нашай краінай.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю