Top.Mail.Ru

Беларусь і Казахстан плануюць у бліжэйшы час дасягнуць тавараабароту ў 1 мільярд долараў

У сераду ў Доме ўрада адбылася сустрэча Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Аляксандра Турчына з міністрам гандлю і інтэграцыі Рэспублікі Казахстан Арманам Шакаліевым. На ёй бакі абмеркавалі ключавыя аспекты далейшага двухбаковага супрацоўніцтва.


Звяртаючыся да прысутных, Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын адзначыў, што дамоўленасць аб сустрэчы была дасягнутая падчас нядаўняга візіту ўрадавай дэлегацыі Рэспублікі Беларусь у Рэспубліку Казахстан. 

— Тады мы яшчэ раз абмеркавалі пытанні ўзаемнага гандлю паміж нашымі краінамі, рашэнні праблемных пытанняў, якія ўзнікаюць. Як я сказаў, нашы ўзаемаадносіны з Рэспублікай Казахстан маюць асаблівы статус. Мы вельмі цэнім тыя стасункі, якія ў нас склаліся дзякуючы лідарам дзвюх дзяржаў. Таму ўсе тыя пытанні знаходзяцца на асаблівым кантролі ва ўрадзе, — падкрэсліў Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын. 

Кіраўнік беларускага ўрада падзяліўся, што напярэдадні гэтай сустрэчы ён размаўляў з Прэм’ер-міністрам Рэспублікі Казахстан. 


— Мы яшчэ раз прайшліся па тых напрамках, якія нам неабходна абмеркаваць і прыняць адпаведныя рашэнні. Таму мы рады вас вітаць у беларускім урадзе і гатовыя абмяркоўваць тыя пытанні, тыя праблемныя тэмы, якія ёсць, і прыняць па іх адпаведнае рашэнне, — запэўніў Прэм’ер-міністр. 

У сваю чаргу міністр гандлю і інтэграцыі Рэспублікі Казахстан Арман Шакаліеў адзначыў, што дэлегацыя Казахстана рада знаходзіцца ў Мінску ў адпаведнасці з раней дасягнутымі дамоўленасцямі. 


— Мы прыбылі, каб прапанаваць канкрэтныя меры, накіраваныя на павелічэнне, пашырэнне нашага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Сёння па выніках дзевяці месяцаў мы бачым рост тавараабароту каля 20 %. Але мы разумеем, што ёсць яшчэ значныя рэзервы. Задача па лініі гандлю — у бліжэйшы час дасягнуць адзнакі ў адзін мільярд долараў ЗША з далейшым падваеннем як мінімум, — канкрэтызаваў Арман Шакаліеў. 

У сувязі з гэтым дэлегацыя Рэспублікі Казахстан падрыхтавала канкрэтныя прапановы і меры, уключаючы адчувальныя пытанні. 

— Гатовыя сёння далажыць, каб вы далі нам дадатковыя ўступныя і карэкціруючыя дзеянні, каб мы прыступілі да іх поўнай рэалізацыі, — рэзюмаваў міністр гандлю і інтэграцыі Рэспублікі Казахстан.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

Чытайце таксама: Для Беларусі Казахстан з’яўляецца прыярытэтным партнёрам у гандлёвых і эканамічных адносінах

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю