Беларусь і Калужская вобласць Расіі па выніках пасяджэння сумеснай рабочай групы ў Мінску падпісалі план мерапрыемстваў на 2027—2029 гады па рэалізацыі пагаднення аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве, перадае БелТА.
Подпісы пад дакументам паставілі міністр архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Вадзім Альшэўскі і губернатар Калужскай вобласці Уладзіслаў Шапша.
Таксама заключаны пагадненні аб ажыццяўленні міжнародных і знешнеэканамічных сувязей у гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і сацыяльна-культурнай сферах паміж гарадской акругай Калугі і Брэстам, аб супрацоўніцтве па рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у сферы вытворчасці сельскагаспадарчых беспілотных лятальных апаратаў на тэрыторыі Калужскай вобласці, аб намерах паміж урадам Калужскай вобласці і РУП «Белбудцэнтр», ААТ «Гомсельмаш».
Як адзначыў Вадзім Альшэўскі, Калужская вобласць для Беларусі — надзейны, правераны часам партнёр у Цэнтральнай федэральнай акрузе.
Пасяджэнні рабочай групы даюць магчымасць вызначыць перспектыўныя напрамкі ўзаемадзеяння. Беларусь зацікаўлена ў пашырэнні супрацоўніцтва ў будаўнічай сферы, аграрным сектары, пастаўках камунальнай, грузавой, пасажырскай, сельскагаспадарчай тэхнікі.
Уладзіслаў Шапша падкрэсліў, што на працягу многіх гадоў паспяхова развіваецца ўзаемадзеянне Беларусі і Калужскай вобласці ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, гандлі, навуцы, адукацыі, культуры, турызме, спорце, экалогіі.
«Беларусь — наш ключавы партнёр у многіх сферах, чыю надзейнасць, давер і дружбу мы асабліва цэнім. 12 гадоў таму заключылі пагадненне аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве, у рамках якога рэгулярна падпісваем планы мерапрыемстваў на трохгадовы перыяд. Гэты дакумент заклаў фундамент сістэмнай і шматбаковай работы па ўмацаванні і пашырэнні нашых сувязей», — адзначыў Уладзіслаў Шапша.