Адносіны Беларусі і Казахстана носяць характар стратэгічнага партнёрства і развіваюцца па ўзыходнай. Пра гэта заявіў Прэм’ер-міністр Казахстана Алжас Бекценаў падчас перагавораў з Прэм’ер-міністрам Беларусі Аляксандрам Турчыным у вузкім складзе, перадае БелТА.
Алжас Бекценаў з цеплынёй успомніў нядаўнюю сустрэчу з Аляксандрам Турчыным у Мінску і падзякаваў за гасціннасць. «Мы дамаўляліся пасля вашага прызначэння аб вашым афіцыйным візіце ў Казахстан. Дзякуй, што адгукнуліся на наша запрашэнне. Нам ёсць пра што пагаварыць. У цэлым адносіны паміж нашымі краінамі заўсёды былі, ёсць і, я ўпэўнены, застануцца самымі добрымі і цёплымі. Яны носяць характар стратэгічнага партнёрства і развіваюцца па ўзыходнай. З радасцю хацеў бы адзначыць, што і тавараабарот сёлета прыкметна вырас. Урад Казахстана настроены на канструктыўнае ўзаемадзеянне і дынамічнае развіццё гандлёва-эканамічных адносін паміж нашымі краінамі», — сказаў ён.
Аляксандр Турчын у сваю чаргу адзначыў высокі ўзровень развіцця супрацоўніцтва паміж дзяржавамі. «Нягледзячы на адлегласць, якая раздзяляе нас, для Беларусі Казахстан з’яўляецца найважнейшым эканамічным партнёрам, другім па тавараабароце сярод краін СНД пасля Расіі, а гэта значныя лічбы. Учарашняя сустрэча з Прэзідэнтам Казахстана зрабіла на мяне і маіх калегаў вельмі глыбокае ўражанне. Прэзідэнт глыбока праінфармаваў нас аб бягучай сітуацыі ў Казахстане, пытаннях знешняй палітыкі. Мы вельмі ўдзячныя за такую сустрэчу. Думаю, што ў ходзе нашых сённяшніх дыскусій у вузкім і пашыраным складзе мы разгледзім тыя кірункі, па якіх нам трэба дзесьці дадаць. І калі ёсць праблемныя пытанні, думаю, мы знойдзем развязкі і рашэнні», — падкрэсліў Прэм’ер-міністр Беларусі.