Top.Mail.Ru

Беларуская мода заўсёды была інтэлектуальнай

Калекцыі беларускіх прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці сёння запатрабаваны на ўнутраным рынку і ў шэрагу краін свету. Аб гэтым расказалі прадстаўнікі вядучых прадпрыемстваў беларускага легпрама. Што робіць нашу моду пазнавальнай?


Не масавы прадукт

Каля 2 тысяч арганізацый рэспублікі вырабляюць тавары лёгкай прамысловасці — ад дамашняга тэкстылю да адзення і абутку, адзначыла намеснік старшыні канцэрна «Беллегпрам» Наталля Мароз. Працуюць у галіне каля 60 тысяч чалавек. Прадпрыемствы вырабляюць не толькі адзенне і абутак, але і паўсыравінную групу тавараў — тканіну, пражы, скуры — тое, з чаго ствараецца гатовы прадукт. І гэта таксама запатрабаваныя экспартныя пазіцыі, падкрэсліла спецыяліст.

— Наша лёгкая прамысловасць, як і ў цэлым эканоміка краіны, экспартаарыентаваная, — распавяла намеснік старшыні канцэрна «Беллегпрам». — І каля 70 % прадукцыі беларускай лёгкай прамысловасці адпраўляецца на экспарт, у парадку 80 краін свету. Мы стабільна развіваем галіну ў высокаканкурэнтным свеце лёгкай прамысловасці і захоўваем свае пазіцыі.


Гістарычна асноўны рынак, дзе запатрабавана беларуская мода ў прыватнасці і тавары лёгкай прамысловасці ў цэлым — Расія.

— Гэта звязана з падобнымі перавагамі густу, бяспошлінным гандлем, таннай лагістыкай. Разам з тым мы пастаўляем прадукцыю і ў краіны СНД, і далёкай дугі: Азія, Афрыка, Лацінская Амерыка, — канкрэтызавала Наталля Мароз.

Штогод Беларусь адпраўляе на экспарт тавараў лёгкай прамысловасці ў сярэднім на 2 млрд долараў. У агульным аб’ёме экспарту адзежны асартымент складае каля 40 працэнтаў. Астатняе — тканіны, пража і скура.

— Каб пастаўляць больш, трэба больш вырабляць. Але не заўжды гэта мае сэнс. Рынак высокаканкурэнтны, і наша асноўная задача — вытворчасць прадукту з больш высокай дабаўленай вартасцю, — падкрэсліла намеснік старшыні канцэрна «Беллегпрам».

За мяжой, як і ў нашай краіне, беларуская прадукцыя лёгкай прамысловасці цэніцца не як «масмаркет», — гэта сінонім якасці і натуральнасці, расказала Наталля Мароз. Сярод экспартных пазіцый ёсць і эксклюзіўныя:

— Напрыклад, вясельныя сукенкі, якія пастаўляюцца ў тым ліку ў краіны арабскага свету і Афрыку. Гэта цікавы напрамак.


Мужчынская мода будзе развівацца

Адно з беларускіх прадпрыемстваў, накіраваных на экспартныя рынкі, — Мінскі камвольны камбінат: 92 % яго прадукцыі ідзе на экспарт. Унікальнасць прадпрыемства — выпуск ваўняных тканін, у тым ліку эксклюзіўных, са стапрацэнтным утрыманнем воўны, адзначыла генеральны дырэктар ААТ «Камволь» Таццяна Лугіна.

— Гэта тканіны бізнес-класа, хоць і нашы тканіны з 10- і 30-працэнтным утрыманнем воўны таксама запатрабаваныя і на ўнутраным рынку, і за мяжой, — сказала яна. — Мы ўдзячны кіраўніку дзяржавы і Савету Міністраў за тое, што ў нашай невялікай, у частцы воўны безрэсурснай краіне ёсць такая вытворчасць, — падкрэсліла Таццяна Лугіна. — Лён у нас расце і з’яўляецца візітнай карткай Беларусі: яго кветка на нашым гербе. Але вытворчасць Мінскага камвольнага камбіната, на мой погляд, таксама абсалютна ўнікальная: пабудавана на перапрацоўцы ваўнянага валакна, якое прадпрыемства закупляе ў Аўстраліі і Новай Зеландыі. У наш час глабальнай турбулентнасці, калі мы гаворым пра санкцыйны ціск паміж краінамі, праблемы з лагістыкай і іх уплыў на сабекошт і эканоміку, у Беларусі ёсць прадпрыемства, якое мае магчымасць перапрацоўваць найлепшую ваўняную сыравіну ў свеце.

Асноўная доля нашага прадукту — тканіны. Але мы развіваем і нішу гатовага касцюма, як жаночага, так і апошнія паўгода мужчынскага, — звярнула ўвагу Таццяна Лугіна. — Мужчынская мода ў Беларусі пакуль прадстаўлена не вельмі шырока, а, мяркуючы па вывучэнні попыту і рынку, менавіта мужчыны могуць ацаніць высакаякасныя касцюмы з ваўняных тканін.


Запыт на эксклюзіў

У апошнія гады беларусы імкнуцца да эксклюзіўнай моды: сучаснаму айчыннаму спажыўцу блізкае паняцце «індывідуальны стыль», адзначылі эксперты.

— Беларусы — генетычна стыльныя людзі, — заўважыла гендырэктар ААТ «Камволь». — Мы адчуваем колер, прапорцыі, канструкцыю.

У апошнія пяць гадоў у краіне запатрабавана і развіваецца індывідуальная мода: попытам карыстаецца прадукцыя невялікіх дызайнерскіх студый, а буйныя прадпрыемствы адкрываюць свае цэнтры індывідуальнага пашыву. Беларусы цэняць не масавы прадукт, пераканана Наталля Мароз. І ў гэтым нашы моднікі супадаюць з сусветнымі тэндэнцыямі. Стаміўшыся ад імгненных трэндаў, спажывец імкнецца да моды «пралангіраванай», вырашанай дызайнерамі ў спакойным ключы. А беларускай модзе такі падыход быў уласцівы заўсёды, і для нашых дызайнераў ён арганічны.

— Сёння адзенне вельмі хутка выходзіць з моды. Гэта так званыя «хуткія трэнды», — тлумачыць камерцыйны дырэктар ААТ «Элема» Наталля Сіняева. — Мы больш класічных поглядаў, імкнёмся ўтрымліваць тую якасць, да якой прывыклі нашы пакупнікі як на ўнутраным, так і на знешніх рынках.

Наведваючы міжнародныя выставы, беларускія дызайнеры накіраваны ўлавіць і ажыццявіць тыя тэндэнцыі, якія былі б цікавыя і актуальныя з пункту гледжання стылю некалькі гадоў, адзначыла спецыяліст.

— У нашых рэчах пакупнік сапраўды зможа адчуваць сябе вельмі камфортна некалькі гадоў, — пераканана галоўны мастак-мадэльер Дызайн-цэнтра ААТ «Камволь» Эльвіра Жвікава. — Мы ставім сабе задачу прытрымлівацца так званых макратрэндаў — то-бок стварэнне мадэляў з прыцэлам на працяглую прысутнасць у гардэробе, на перспектыву. Нашы дызайнеры заўсёды адзначаліся на міжнародных форумах, бо адрозніваліся ўласным стылем, почыркам, настроем. Беларуская мода дастаткова інтэлектуальная. Яна заўсёды за крой, за ідэю, за якасць, за бездакорнасць швоў і сілуэтаў, за прадуманыя тэхналогіі. Яна не «крычыць» у колеры, але вельмі выразная ў сваіх тонкіх ідэях.

Ацаніць новыя калекцыі беларускіх вытворцаў можна ў фірменных магазінах прадпрыемстваў і на айчынных маркетплэйсах. А ў планах на будучыню галіны, у прыватнасці, распрацоўка Беларускага тыдня моды ў тым фармаце, у якім гэтае маштабнае мерапрыемства праходзіць у модных сталіцах.

— Такога суцэльнага праекта на ўзроўні дзяржавы пакуль у Беларусі няма. Але работа вядзецца, мы ў гэтым кірунку рухаемся. Нам ёсць што паказаць — усім, хто працуе ў фэшн-індустрыі, — адзначылі эксперты.

Аляксандра Анцэлевіч
Фота Лізаветы Голад

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю